Горячий телефон редакции: а жалоб могло и не быть

Вопрос-Ответ Общество

Могілкі
Праблемы з дарогамі да могілак узнікаюць сезонна, як правіла, вясной і восенню, калі на палетках вядуцца актыўныя сельскагаспадарчыя работы. Гаворка пра тое, што гэтыя ўчасткі трэба пакідаць некранутымі, здаецца, усім ужо набіла аскоміну. І ўсё ж…
“І зноў узаралі поле на падыходзе да нашых могілак. Лічы, гадзіну прыйшлося да іх дабірацца. Кашчунства, і ўсё тут. Маладым быць лёгка, а што рабіць людзям майго ўзросту”, — патэлефанавала ў рэдакцыю Ірына Міхайлаўна Арлова пасля таго, як вырашыла наведаць могілкі, што размешчаны па дарозе на Сіроціна (з левага боку). Ралля пасля дожджыка раскісла, расказвае жанчына, і дабрацца да месца было проста немагчыма.
Мы высветлілі, што поле гэта апрацоўваюць механізатары  “Райаграсервісу”, і звярнуліся да кіраўніцтва прадпрыемства за каментарам сітуацыі.
Як паведаміла намеснік дырэктара УП “Шумілінскі райаграсервіс” па ідэалагічнай рабоце Алена Асташонак, сітуацыя выпраўлена, дарога выраўненая (на 22 кастрычніка).
Праблема вырашана. Але ж амаль тыдзень да могілак было не падысці. Калі з пункту гледжання лагічнасці выканання агранамічных работ такія дарогі ўсё ж узворваюцца механізатарамі, то можа з той жа логікай трэба адразу ж, з дапамогай адпаведнай тэхнікі, вяртаць да жыцця і дарогу? Тэхнічныя магчымасці для гэтага ёсць у любога сельскагаспадарчага прадпрыемства. Было б жаданне і здольнасць убачыць праблему і паставіць сябе на месца іншага.
Лазня
“З 26 ліпеня не працуе лазня ў аграгарадку Слабада. Мы неаднаразова звярталіся з просьбамі прыспешыць работы па рамонце і да мясцовых камунгаснікаў, і да раённага кіраўніцтва УП ЖКГ, але вынік адзін — ужо чацвёрты месяц ходзім нямытыя. Няўжо так доўга можа ісці рамонт? У вёсцы ж без лазні якое жыццё!”, — зварот такога кшталту паступіў нядаўна на “гарачы тэлефон” рэдакцыі ад аматараў веніка і пары са Слабады.
І сапраўды, якое жыццё без лазні, падумалі мы і адразу ж звярнуліся за тлумачэннямі да дырэктара раённай жыллёва-камунальнай гаспадаркі Валерыя Коўзана, каб атрымаць інфармацыю, што называецца, з першых вуснаў.
Валерый Антонавіч прызнаўся, што капітальны рамонт лазні – справа марудная. І нягледзячы на тое, што зусім нядаўна (якраз тады, калі вёска набывала статус аграгарадка) у лазні быў  зроблены сур’ёзны рамонт, прыспеў час, да прыкладу, аднавіць пячное ацяпленне. А печка ж там не адна…
“Дык калі ж адкрыецца лазня?” — імкнёмся дабіцца мы канкрэтнага адказу. – “Тыдні два яшчэ спатрэбіцца. І гэта – у лепшым выпадку,” — запэўніў В. Коўзан.
Слабадчанам застаецца спадзявацца, што праз абяцаны тэрмін і наступіць гэты самы “лепшы выпадак”. Два тыдні не так і многа ў параўнанні з тым, што надзея на адкрыццё лазні наогул пачала  тухнуць.
Скаргі выслухала і запісала Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Опубликовано в №82 от 22.10.2010



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *