На іншай службе ён сябе не ўяўляе
Як паказвае жыццё, выратавальнік застаецца ім не толькі ў час дзяжурстваў у змене, але і ў выхадныя, і ўсе 24 гадзіны ў суткі.
Так, калі летась шумілінскі выратавальнік Аляксей Грыгор’еў у свой выхадны дзень быў у Віцебску і выпадкова стаў сведкам ДТЗ, то першым кінуўся на дапамогу пацярпелым. Потым дапамог калегам з абласнога цэнтра выцягнуць з машыны пацярпелых – мужчыну і жанчыну. Віцебскія выратавальнікі былі вельмі ўдзячны Аляксею Грыгор’еву за дапамогу.
Ды ён і не мог прайсці міма, калі з кімсьці здарылася бяда. Дапамагчы, падтрымаць, падбадзёрыць – гэта прафесійнае, гэта ў крыві. За трынаццаць гадоў службы ў райаддзеле Аляксей Грыгор’еў і людзей ратаваў на пажарах, і жывёлу, і маёмасць. “Прафесія абавязвае быць упэўненым у сабе, яна не дазваляе сумнявацца ці адступаць, – кажа Аляксей. – Працуем у баявым напружным рэжыме. Незалежна ад часу сутак і пары года, трэба быць заўсёды гатовым да розных надзвычайных сітуацый”.
Аляксей Грыгор’еў прыйшоў працаваць у райаддзел па надзвычайных сітуацыях у 18 гадоў. Пачынаў з дыспетчара, а ў душы выношваў мару: паступіць у камандна-інжынерны інстытут, што ў Мінску. Дзякуючы настойлівасці хлопца, мара збылася. І сёння Аляксей кампетэнтны спецыяліст. Некалькі гадоў таму яму прапанавалі заняць пасаду начальніка змены. “Задаволены такой пасадай, – прызнаецца мужчына. – Гэта маё. Мне падабаецца хадзіць на дзяжурствы, дапамагаць людзям падчас тэрміновых выклікаў. На іншай службе я сябе нават не ўяўляю”. Аляксей Грыгор’еў расказаў, што яму запамінаюцца тыя пажары, на якіх выратоўваюць людзей. А такіх выпадкаў за час службы было нямала.
Як начальнік змены Аляксей Грыгор’еў адказвае за прыём дзяжурства, за тэхніку, за баявое адзенне і заняткі з асабістым саставам. Аляксей лічыць, што выратавальнік павінен быць фізічна і маральна падрыхтаваным, патрабавальным да сябе. Ён сам такі, і патрабуе гэтага ад калег.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў № 5 ад 19.01.2016 г.