Груз уборки урожая в «Придвинском» взяли на себя шесть механизаторов

Актуалии Сельское хозяйство Экономика

У напружаным рытме – да адзінай мэты
“Да жніўнага поля ў Мамойках і Альшаніках наўрад ці праедзеце на рэдакцыйнай легкавушцы – дарогі залілі дажджы, –  адразу папярэдзіў нас дырэктар ААТ “Прыдзвінскі” Уладзімір Дзятлаў. – Калі хочаце застаць механізатараў, прыязджайце а восьмай гадзіне раніцы ў майстэрню”.
Камбайнеры падчас нашага прыезду якраз збіраліся выязджаць на жніво. Яны прачышчалі рэшаты і клавішы КЗСаў, змазвалі вузлы, праводзілі патрэбныя рэгуліроўкі перад стартам. З гразкімі палеткамі сапраўдная бяда. Месцамі камбайны так буксуюць, што і выбрацца самі не могуць. Прыходзіцца на жніве дзяжурыць трактару.
“Вось так і працуем на сёлетнім жніве: у напружаным рытме – да адзінай мэты,– кажуць старэйшыя механізатары ААТ «Прызвінскі» Аляксандр Аўчыннікаў і Андрэй Каваленка. – У гаспадарцы шэсць камбайнаў, механізатары ўсе мясцовыя – разлічваем толькі на свае сілы.
Кожны стараецца падзарабіць, але намалоты не вельмі радуюць: за дзень па 24-27 тон кожны. У параўнанні з мінулымі гадамі гэта вельмі мала. Праўда, норму выконваем: на КЗС-10 яна складае 23 тоны пры ўраджайнасці больш за 20 цэнтнераў з гектара і 17 тон пры ўраджайнасці менш за 20 цэнтнераў з гектара”.
“Ускладняе работу тое, што на ўчастках, дзе была падсеяна канюшына, яна вырасла на ўзровень зерневых, – працягвае гаворку кіраўнік гаспадаркі Уладзімір Іванавіч Дзятлаў. – Ёсць вялікая надзея на трыцікале – яго ўраджайнасць абяцае быць 30 цэнтнераў з гектара. Але перш-наперш нам трэба ўправіцца з азімай пшаніцай. Яе згодна з заданнем трэба здаць дзяржаве 600 тон.
Даводзім зерне да патрэбных кандыцый на ўласным зернесушыльным комплексе, і за збожжам прыязджаюць машыны з Полацкага камбіната хлебапрадуктаў.
Наша гаспадарка здала ўжо 120 тон зерня. Думаем за тыдзень з дзяржзаказам справіцца поўнасцю”.
Тэкст і фота Ларысы ЗАЙЦАВАЙ.
Надрукавана ў №62 ад 09.08.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *