Криминал. Происшествия

Происшествия

Магазін
Раённая газета пісала, што ў канцы снежня мінулага года абрабавалі магазін райспажыўтаварыства ў Грудзінаве. Нядаўна злачынцы знойдзены – імі аказаліся двое жыхароў Латкова.
Бетонамяшалка
Пацярпеў жыхар Обалі – з ягонай бетонамяшалкі, якая знаходзілася ля недабудаванага дома, знялі прывадную каробку. Яе кошт ацэнены больш як на мільён рублёў. Злачынцы вышукваюцца.
Рана
З раённай бальніцы паведамілі ў райаддзел унутраных спраў, што ў бальніцу паступіла пенсіянерка са Светласельскага з нажавым раненнем грудзей. Як стала вядома ў ходзе следства, параніў жанчыну яе сын. Нецвярозы ён спрабаваў адабраць у маці грошы, схапіўся за нож…
Згодна з арт. 207 ч.1 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь “Разбой” супраць мужчыны ўзбуджана крымінальная справа.
Лазня
У Шуміліне па вуліцы Кірава загарэлася лазня. Калі прыехалі выратавальнікі, дахавае перакрыццё было ахоплена полымем. Пажар патушылі. Папярэдняя прычына яго ўзнікнення – парушэнне правілаў эксплуатацыі печкі.
Мабільнік
Жыхар Дабеі абрабаваў нецвярозага мясцовага жыхара, які заснуў на пляцоўцы шматпавярховага дома, – украў мабільны тэлефон, кошт якога ацэнены ў два мільёны рублёў. Злодзей затрыманы, супраць яго ўзбудзілі крымінальную справу.
П’яны за рулём
Супрацоўнікі дзяржаўтаінспекцыі спынілі механізатара ААТ “Лаўжанскае”, які нецвярозы ехаў на МТЗ. Мужчына быў адхілены ад кіравання. Цяпер тры гады ён не сядзе за руль транспартных сродкаў, бо пазбаўлены правоў. Акрамя гэтага, мужчына заплаціў штраф памерам у 25 базавых велічынь.
* * *
Шумілінскі хлопец, які нядаўна вярнуўся з ваеннай тэрміновай службы, пасля сустрэчы з сябрамі нецвярозы сеў за руль ”Рэно”. На адной з вуліц райцэнтра яго прыпынілі супрацоўнікі ДАІ.
Малады чалавек пазбаўлены вадзіцельскіх правоў на тры гады, ён заплаціў штраф 875 тысяч рублёў.
Кювет
Жыхар г. Глыбокае, які ноччу ехаў па аўтадарозе Віцебск-Полацк, не выбраў патрэбную хуткасць руху і не ўлічыў умовы надвор’я (быў снегапад, дарога слізкая). Вадзіцель не справіўся з кіраваннем і з’ехаў у кювет. Машына пашкоджана. Пратакол для далейшага разгляду накіраваны ў аддзел унутраных спраў г. Глыбокае.
“Зімовая дарога”
З 20 лютага па 3 сакавіка супрацоўнікамі дзяржаўтаінспекцыі праводзіцца аперацыя “Зімовая дарога”, у ходзе якой абследуюцца дарогі рэспубліканскага і мясцовага значэнняў на прадмет бяспечнага ўтрымання. Складзены адміністрацыйны пратакол на службовую асобу адной з арганізацый, якая адказвае за ўтрыманне дарог, выдадзена некалькі прадпісанняў дарожнікам.
Па матэрыялах РАУС падрыхтавала Людміла ЗУЙКОВА.
Надрукавана ў  №17 ад 28.02.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *