Доска Почёта Шумилинского района. Виталий Антонов

Общество Сельское хозяйство

З дынастыі механізатараў Антонавых

Амаль трыццаць гадоў працуе ў сельскай гаспадарцы механізатар ААТ «Прыазёрны мір» Віталь Антонаў. Яго паважаюць у гаспадарцы за надзейнасць і дасканалае веданне справы. Ну, а тое, што калектыў вылучыў на раённую Дошку гонару – прызнанне і пашана за працу.

Дзе будзе працаваць, Віталь Антонаў ведаў з дзяцінства. Яго яшчэ і з-за руля не было бачна, калі бацька Мікалай Іванавіч, механізатар КУСГП “Сіроцінскі», браў сына з сабой на работу. Віталь не ганяўся за дзіцячымі цацкамі, бо побач быў сапраўдны МТЗ, больш цікавы.

Пасля заканчэння школы Віталь Антонаў вывучыўся ў вучэбна-вытворчым камбінаце на механізатара, атрымаў адразу некалькі катэгорый на розныя трактары.  І ўжо ў 18 гадоў самастойна сеў за руль МТЗ. Працаваў на розных марках трактароў, араў, дыскаваў, баранаваў палеткі.  І гэта работа была вельмі даспадобы. Лавіў сябе на думцы, што яму вельмі падабаецца глядзець на зелянеючыя вясной палеткі, адчуваць духмяны смак свежаскошанай травы, бачыць налітыя спелыя каласы, якія хіляцца долу. «Зямлю трэба любіць і старанна яе апрацоўваць, толькі тады будзе плён», – упэўнена кажа Віталь.

З першых гадоў работы ў сельскай гаспадарцы і да сённяшняга дня абавязкі ў механізатара засталіся тыя ж. З гадамі прыйшлі вопыт, мудрасць, разважлівасць. Ён перадае механізатарскую навуку маладым, вучыць не спяшацца, не хібіць у рабоце.

Зараз Віталь Антонаў працуе на “Кірушы” – так механізатары  называюць «Кіравец-424». Вясной і восенню падчапляе шасцікорпусныя плугі або дыскатар. Папявае за дзень узараць ці прадыскаваць да дваццаці гектараў. Летам адвозіў з поля да сянажных траншэй «зялёнку». У самы плённы дзень на рахунку механізатара значылася да 180 тон. У жніўні перасеў на камбайн – у гэтай рабоце таксама не навічок, бо яшчэ ў юнацтве быў памочнікам у свайго старэйшага брата Сяргея. Праўда, сёлета не ўдалося намалаціць тысячу тон, бо прапусціў больш за тыдзень з-за хваробы, але ж Віталь Антонаў усё роўна задаволены жнівом, бо ўраджай сёлета вырас добры. Напэўна, яшчэ ніколі ў жыцці не намалочваў больш за пяцьдзясят тон ячменю за дзень. Вось бы кожны год мець такія ўраджаі ў гаспадарцы, марыць механізатар.

Зараз зіма, спяць палеткі. А механізатарскі клопат – рамонт тэхнікі.  Віталь Антонаў і свой трактар рамантуе, і калегам дапамагае. Адным словам, рыхтуецца да чарговага хлебаробскага сезона. А перад ім пойдзе ў водпуск, які думае прысвяціць сям’і: жонцы, дзвюм дачкам, маленькай унучцы. Ну, вядома, знойдзе час і для свайго любімага занятка – з’ездзіць з сябрамі на загоннае паляванне. Можа, удасца раздабыць пушніны – зайцоў ці куніц.

Ларыса ЗАЙЦАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *