В ОАО «Лежни» за штурвалами комбайнов работают вместе механизаторы и специалисты

Сельское хозяйство

Усім вядомая фраза “жніво – справа агульная” адносіцца да арганізацыі работы падчас уборачнай у ААТ «Ляжні». На камбайнах тут працуюць не толькі механізатары, але і галоўны аграном, і галоўны інжынер.

Іх разам і засталі на палетках ва ўрочышчы Заграмадзіна, дзе вялася ўборка азімага ячменю. Вопытны механізатар Мікалай Лазука працуе на адным камбайне з галоўным інжынерам Канстанцінам Кукаевым. Такі вось дуэт вопыту і маладосці. Мікалай перадае веды маладому напарніку, а Канстанцін у сваю чаргу сочыць за спраўнасцю сістэм і механізмаў, ад гэтага залежаць тэмпы жніва.

«Я працую на камбайне адзінаццаты сезон, – расказаў механізатар Сяргей Роганаў. – Сёлетні мой напарнік – галоўны аграном Дзмітрый Шаўнёў. Ён малады спецыяліст, рупіцца ў гаспадарцы другі год. Тлумачу многія нюансы, разам спраўляемся. Убіраем зерне, якое сеялі разам».

Работа наперадзе чакаецца сур’ёзная – усяго ААТ «Ляжні» трэба ўбраць 1307 га зерневых і зернебабовых, у тым ліку 612 га азімых. Пасля ўборкі азімага ячменю пераедуць на азімы рапс у Сінякова, затым – на азімую пшаніцу ў Любічы. На гэтыя палеткі выедуць дадаткова яшчэ тры камбайны, якімі будуць кіраваць Андрэй Каваленка, Ілья Барадулін і Уладзімір Скітоў.

«Асабліва пільная ўвага – захаванасці ўраджаю, – расказаў намеснік дырэктара ААТ «Ляжні» Руслан Яскевіч. – Спецыялісты дзяжураць на палетках і зернясховішчах. Мы правяраем якасць уборкі, сочым, каб былі адрэгуляваныя жняярка і барабан, без збояў працавалі вентылятар і рэшаты. Сёлета ўраджай не самы лепшы, так што трэба даражыць кожным каласком».

Ларыса КІСЯЛЁВА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *