Областной турслёт прошёл в Шумилинском районе

2023 – Год мира и созидания Молодёжь Спорт, туризм

Сонца, палаткі, касцёр, выдатны настрой – усё па канонах турзлёту

4-5 жніўня Шуміліншчына прымала абласны турыстычны злёт працуючай моладзі, прысвечаны Году міру і стварэння. 16 каманд (больш за 300 чалавек) з рэгіёнаў Віцебшчыны два дні змагалася за званне лепшых турыстаў у 11 конкурсных заданнях.

Эпіцэнтрам баталій і адпачынку стала маляўнічая вёска Лескавічы, традыцыйна аблюбаваны турыстамі куток. Самыя актыўныя, спартыўныя і крэатыўныя ўдзельнікі даказвалі, чый камандны дух мацней і хто можа з гонарам несці званне самага спартыўнага, спрытнага і творчага чалавека-турыста. Спойлер: усіх пераўзышлі аршанцы.

Свежае паветра, сонечнае надвор’е, палаткі, касцёр – усё па канонах турзлету. І праграма – насыча-ная, цікавая і змястоўная. Кожны год раён, які прымае злёт, уносіць у праграму з абавязковых традыцыйных выпрабаванняў свае «штрыхі-фішкі» ў выглядзе новых іспытаў. Работнікі Шумілінскага ФАЦа прапанавалі ўдзельнікам паспрабаваць свае сілы ў данбайскім кертнболе (валейбол з закрытай сеткай), аўсталійскім мнагабор’і (жартоўная эстафета) і ў водным турызме. Плюс да навядзення трасы турыстычнай паласы перашкод падышлі прафесійна. І трэба сказаць, ноў-хаў прыйшлося аматарам актыўнага адпачынку даспадобы і было ацэнена.

У першы дзень спаборніцтваў спартсменаў чакала даволі насычаная праграма – той самы кертнбол, велатрыял, фігурнае ваджэнне веласіпеда, турысцкая паласа перашкод. Увечары прайшоў яркі музычны конкурс мастацкай самадзейнасці «Адзін дзень з жыцця турыста» і дыскатэка.

А папярэднічала насычанай праграме спаборніцтваў традыцыйная цырымонія адкрыцця мерапрыемства з падняццем дзяржаўнага сцяга. Віталі ўдзельнікаў турзлёту і зычылі сумленнай і гарачай барацьбы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі аблвыканкама, старшыня журы Вя-часлаў Хрол і намеснік старшыні райвыканкама Ірына Шалахава.

На другі дзень турыстаў чакала агульная народная зарадка, відовішчнае і эмацыянальнае перацягванне каната, жартоўнае аўстралійскае мнагабор’е на пляжы, інтэлектуальная віктарына, дартс і іншыя конкурсы. Перамагаць настроены былі ўсе, але ж не ва ўсіх гэта атрымлівалася. Адным не хапала каманднага духу, другім – спартыўных навыкаў, трэцім – творчых здольнасцяў.

Так, шумілінская каманда змагла выйсці ў лідары ў двух конкурсных этапах: заняла другое месца ў данбайскім кертнболе і трэцяе – у інтэлектуальным батле. Наогул барацьба сярод каманд ішла нежартоўная, яўных лідараў не назіралася. Пераможцаў турзлёту вызначалі па чатырох намінацыях: спартыўны блок, творчы, інтэлектуальны і конкурсны. Пасля падліку ўсіх балаў сталі вядомы прызёры.

Так, трэцяе месца прысуджана камандзе Лепельскага раёна, другое – камандзе г. Віцебска. Пераможцай абласнога турзлёту стала каманда Аршанскага раёна, якая і будзе на наступны год на сваёй тэрыторыі прымаць фэст турыстаў. Такія ўмовы конкурсу.

Турзлёт – гэта заўсёды пазітыў, эмоцыі, калектыўны дух, камандная гульня і новыя знаёмствы. Сёлетні актыўны адпачынак у Лескавічах атрымаўся менавіта такім. Песні ля кастра, каша з водарам дыму, шашлыкі і прыгоды дакладна папоўняць скарбонку ўспамінаў многіх турыстаў!

Алена КАРПУШЭНКА.

Ірына Сафейчанка, намеснік начальніка аддзела галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі аблвыканкама, намеснік старшыні судзейскай калегіі:
– Прыемна канстатаваць, што з кожным годам павялічваецца колькасць каманд, паляпшаецца падрыхтоўка, каманды дэманструюць згуртаванасць і камандны дух як у творчых, так і спартыўных конкурсах. І арганізатары турзлёту стараюцца кожны год прыўнесці ў праграму штосьці новае, цікавае і арыгінальнае. Шуміліншчына прымала абласны фэст, бо летась шумілінцы сталі пераможцамі, яны доўга ішлі да гэтай перамогі. Шумілінскі раён падрыхтаваў шыкоўныя ўмовы для турыстаў і адмысловую праграму. Спадзяемся, што на наступны год нас гэтак жа парадуюць і здзівяць аршанцы.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *