Профсоюзы держат на контроле охрану труда на посевной

Безопасность Общество Сельское хозяйство

Дзе ахоўныя акуляры і медаптэчка?

У рамках месячніка па забеспячэнні бяспекі ў перыяд вясенняй пасяўной кампаніі раён наведаў галоўны тэхнічны інспектар працы Віцебскай абласной прафсаюзнай арганізацыі работнікаў АПК Яўген Зуй. Да маніторынгу двух сельгаспрадпрыемстваў – СУП «Лаўжанскае» і УП «Шумілінскі райаграсэрвіс» – далучыліся старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Вольга Пусянковаі карэспандэнт раённай газеты.

На мехдвары ў «Лаўжанскім» прафсаюзны інспектар сустрэўся з механізатарамі, якія каля К-744 з падчэпленым шыроказахопным культыватарам праводзілі тэхабслугоўванне перад выездам наполе, правёў гутарку пра нормы і правілы па ахове працы. Зазірнулі ў мехмайстэрню, дзе знаходзіцца та-карны і іншыя станкі. Токар, па ўсяму бачна, быў вопытны і дасведчаны, бо адразу адказаў, што яму па тэхніцы бяспецы можна працаваць без пальчатак, а вось ахоўныя акуляры патрэбны ў абавязковым парадку. Механізатарам была зроблена заўвага: замест спецыяльных металічных падставак, супрацьадкатных упораў, выкарыстоўваліся драўляныя калодкі. У сталовай СУП «Лаўжанскае» заўваг не было, патрэбных санітарных нормаў тут прытрымліваюцца.

Пабывалі і на палетках

УП «Шумілінскі райаграсэрвіс» ва ўрочышчы Ільінцы, дзе вялася падрыхтоўка глебы. Яўген Зуй пацікавіўся, ці кормяць механізатараў, ці ёсць у трактары вогнетушыцель – адказам застаўся задаволены. А вось аптэчкі ў кабіне МТЗ не было, пра што і праінфармавалі кіраўніцтва сельгаспрадпрыемства.

На заклік берагчы сябе і сваё здароўе мясцовы механізатар Ігар Цялушкін адказаў: «Мы беражом. Снарад вось знайшоў і не пад’язджаю ў той бок».

Механізатар паведаміў пра знаходку кіраўніцтву і пазначыў небяспечнае месца металічным прутом з цэлафанам. Прафсаюзныя лідары патэлефанавалі ў РАУС, на працягу гадзіны артылерыйскі снарад часоў Вялікай Айчыннай вайны быў абясшкоджаны.

Ларыса ЗАЙЦАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *