Автопробег «100 лет созидания — Шумилинщина юбилейная»

Новости Общество

Юбілейны аўтапрабег:   свята прыехала ў аграгарадкі!

На працягу двух дзён – 18 і 19 ліпеня – у раёне праходзіў аўтапрабег «100 год стварэння – Шуміліншчына юбілейная».

За два дні кіраўніцтва раёна, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, устаноў і прадпрыемстваў, дэпутаты раённага Савета дэпутатаў, работнікі сферы культуры пабывалі ў аграгарадках і г.п. Обаль. Не ўсім вяскоўцам выйшла пабываць на святкаванні 100-годдзя раёна ў райцэнтры. Таму ўдзельнікі аўтапрабегу вырашылі прывезці свята ў вёскі.

Ва ўсіх населеных пунктах землякоў віншавалі са святам старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Будневіч ці намеснік старшыні райвыканкама Ірына Шалахава, старшыні сельвыканкамаў. Старшыням сельвыканкамаў уручылі памятныя знакі «100 год Шумілінскаму раёну». У знак шчырай удзячнасці ўдзельнікам аўтапрабегу падносілі духмяныя караваі – сімвал дабрабыту і гасціннасці. Былі арганізаваны выставы краязнаўчых матэрыялаў з мясцовых бібліятэк, клубы і ўстановы адукацыі падрыхтавалі цікавыя забаўляльныя і канцэртныя праграмы, лепшыя работнікі і працоўныя калектывы атрымалі падзякі за добрасумленную працу.

Першы аграгарадок на маршруце аўтапрабегу – Башні – сустрэў вясёлай музыкай, каляровымі паветранымі шарамі. Маленькія вяскоўцы віталі гасцей шчырымі ўсмешкамі. Тут рэкламавалі брэнд рэгіёна «Башнёўская юшка», смачнай юшкай і частавалі гасцей. Пра брэнд у вершаванай форме расказаў узорны тэатральны калектыў «Прэм’ера» Башнёўскага сельскага клуба.

У Амбросавічахрасказалі пра славутых землякоў, хто стаяў ля вытокаў стварэння раёна, змагаўся ў гады вайны з ворагам, сваёй працай праславіў край, унёс вялікі ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё Шуміліншчыны. Свята аздобіла дзетвара, якая “высыпала” танцаваць пад вясёлыя песні. Пасля танцоры і ўсе прысутныя маглі пачаставацца самапечаным хлебам і пірагом.

Цёпла сустрэлі ўдзельнікаў аўтапрабегу ў Крывым Сяле. На свята сабраўся практычна ўвесь аграгарадок, прыехалі дзеці-гараджане вяскоўцаў. Віншаванні, песні, добрыя словы, ячная каша з тушонкай – усё было душэўным, шчырым і гасцінным.

У сто слаўных год раёну запісалі свае працоўныя подзвігі і жыхары Мікалаеўскага сельсавета. На свята, якое ладзілася ў Кардоне, людзі прынеслі добры настрой і ўсмешкі. Згадалі тых, хто здабываў гліну, абпальваў цэглу на былым цагляным заводзе, дабіўся значных поспехаў у сельскай гаспадарцы. Вясёлымі танцамі і песнямі весялілі народ работнікі Обальскага ДК і Кардонскага клуба.

На другі дзень аўтапрабег накіраваўся ў аграгарадок Слабада, дзе свята ладзілася ля мясцовай школы. Вядучыя згадалі старонкі гісторыі Сіроціна і Слабады, успомнілі подзвіг воінаў-вызваліцеляў, якія загінулі ў 1943-1944 гадах, калі ў гэтых мясцінах больш за паўгода стаяў фронт і пачыналася аперацыя “Баграціён”. Менавіта таму на тэрыторыі сельсавета знаходзяцца буйнейшыя воінскія пахаванні ў вёсках Дворышча і Тропіна. А шчырыя добрыя песні вяскоўцам падарылі самадзейныя артысты.

Таксама каля школы прайшла сустрэча аўтапрабегу ў аграгарадку Мішневічы. Мішневіцкая зямля багатая на гістарычныя і прыродныя помнікі. Тут быў створаны першы ў раёне Савет сялянскіх дэпутатаў, яе жыхары гераічна змагаліся з ворагам ў партызанскіх атрадах. Фашысты спалілі на мішневіцкай зямлі некалькі дзясяткаў вёсак. З васьмі шумілінскіх вёсак, увекавечаных на мемарыяльным комплексе “Хатынь”, 6 знаходзіліся на тэрыторыі Мішневіцкага сельсавета. Багаты край і на працоўныя подзвігі жыхароў. Для вяскоўцаў і ўдзельнікаў аўтапрабегу былі прадстаўлены выставы Шумілінскага гісторыка-краязнаўчага музея, бібліятэкі і школы, дадзены майстар-клас Дома рамёстваў. Цудоўны музычны падарунак для вяскоўцаў падрыхтаваў народны хор “Світанак”.

У аграгарадку Мікіціха Лаўжанскага сельсавета аўтапрабег сустракалі пірагамі, выставай гармонік, “Лаўжанскай кадрыляй” і песнямі ў выкананні артыстаў мясцовага цэнтра культуры і вольнага часу, а вядучыя ўспомнілі мясцовых жыхароў, гаспадаркі і арганізацыі, якія ўнеслі ўклад у гісторыю раёна.

Апошняй кропкай у маршруце юбілейнага аўтапрабегу стаў гарадскі пасёлак Обаль. Тут раённы аўтапрабег перасёкся з рэспубліканскім маршрутам патрыятычнай акцыі Міністэрства абароны “Марш Перамогі”. Удзельнікі аўтапрабегу пад марш вайсковага аркестра ўсклалі кветкі да абеліска на воінскім пахаванні.

Старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Будневіч павіншаваў землякоў са 100-годдзем раёна, адзначыў гераічны подзвіг обальскіх камсамольцаў-падпольшчыкаў, нагадаў, што на обальскай зямлі адбылося аб’яднанне партызанскіх атрадаў. Значны ўклад абальчан і ў сацыяльна-эканамічнае развіццё Шуміліншчыны. Прадпрыемствы Обальшчыны і сёння не стаяць на месцы: пашыраецца вытворчасць на торфапрадпрыемстве, завяршаецца мадэрнізацыя керамічнага завода, ствараюцца новыя прадпрыемствы. Святочны канцэрт да юбілею падарылі землякам работнікі мясцовага Дома культуры і дзіцячай школы мастацтваў.

Юбілейныя ўрачыстасці завяршаюцца, але шумілінцы працягваюць мацаваць і развіваць родны раён, каб ён станавіўся яшчэ лепш, багацеў і квітнеў.

Ларыса ЗАЙЦАВА, Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.

 

ДЗЕЛІМСЯ ЎРАЖАННЯМІ

Ірына ЖЫГУНОВА, Крывое Сяло:

–  Калона аўтапрабегу прыехала да нас прыгожа, з дзяржаўнымі сцягамі – ажно кранула да слёз. Адчуваўся асаблівы патрыятызм, гордасць за тое, што мы жывём на шумілінскай зямлі, што да нас прыехала свята. Мы таксама стараліся: рыхтавалі сцэнарый, падбіралі песні. Пасля ад’езду гасцей свята, якое аб’яднала людзей усіх узростаў, працягвалася да вечара.

Ала САФОНЧЫК, Башні:

–  Аўтапрабег уразіў. Спадабаўся і дарослым, і дзецям. Дзякуй, што не забыліся пра людзей, якія жывуць у глыбінцы і працуюць на зямлі. У нас шмат ветэранаў працы, якія праслаўлялі раён працоўнымі подзвігамі. Гэта свята – для іх. Вялікая ўдзячнасць арганізатарам!

Наталля ХАМАГАНАВА, удзельнік аўтапрабегу:

–  Яшчэ раз упэўнілася: калі мы разам – мы на многае здатныя. У тым ліку і свята зрабіць. А яго адчулі ўсе аграгарадкі раёна. Вясковыя людзі заслужылі такой увагі. Прахожыя нам махалі ўслед і ўсміхаліся, у кожным населеным пункце сустракалі душэўна. Дзякуй вам, вясковыя людзі!

Вольга ЛАЎРЫНЕНКА, удзельнік аўтапрабегу:
–  На падобнай акцыі ўпершыню, мне спадабалася. Уразілі цудоўныя пеўчыя галасы вяскоўцаў – сапраўдныя самародкі. Упэўнілася, што шумілінская зямля багата на людзей таленавітых, сардэчных, гасцінных.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *