«Абавязкова дапаможам» – слова старшыні
Тры пытанні (усе звароты –ад жанчын) паступілі на «прамую лінію» да кіраўніка раёна Сяргея Галынчыка, якая прайшла ў суботу, 10 жніўня. Два звароты былі ад жыхарак райцэнтра, адзін – з аграгарадка Слабада, і тычыліся яны правілаў утрымання жывёлы, рамонту дарогі і ўладкавання пандуса ўнутры пад’езда.
Пенсіянерка з райцэнтра не першы месяц «ваюе» з суседам з верхняга паверха, які акрамя таго, што сам вядзе асацыяльны лад жыцця (нідзе не працуе, п’е, устройвае папойкі дома), дык цяпер яшчэ і сабаку ў кватэру прывёў і не глядзіць за ёй як след. Сабака не дае адпачываць, бегае па пакоях, пастаянна брэша. «Гэта ж проста здзекі і з суседзяў, і з сабакі, – не стрымівала слёз жанчына. – Адна надзея на вас, Сяргей Аляксандравіч. Дапамажыце, калі ласка!». Старшыня райвыканкама адразу ж патэлефанаваў на-чальніку РАУС і паставіў задачу сумесна з камунальнай службай вырашыць пытанне.
Яшчэ адна жыхарка Шуміліна папрасіла падправіць дарогу на вуліцы К. Маркса. Дажджамі яе размывае так, што ні праехаць, ні прайсці.
Апошні званок быў са Слабады. Жанчына папрасіла кіраўніка раёна дапамагчы вырашыць пытанне з уладкаваннем пандуса ўнутры пад’езда, каб была магчымасць вывозіць на калясцы на вуліцу яе хворага мужа. Абавязкова дапаможам, запэўніў Сяргей Аляксандравіч і папрасіў даць крыху часу для вырашэння грашовых пытанняў. Даручэнні па вырашэнні пытання адразу ж атрымалі фінансавы аддзел і аддзел архітэктуры і будаўніцтва, жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама.
Усе пытанні ўзяты на асабісты кантроль старшыні райвыканкама, па ўсіх вызначаны адказныя і тэрміны выканання.
Алена КАРПУШЭНКА.

