Укралі два веласіпеды
Крадзяжы веласіпедаў, на жаль, не рэдкасць. Часам і гаспадары нядбайна адносяцца да захаванасці сваёй маёмасці, бывае, што і злодзеі дзейнічаюць нахабна. У нашым выпадку перамяшалася і першае, і другое.
Гэта злачынства адбылося ў адным з населеных пунктаў раёна: у двух суседзяў ноччу ўкралі веласіпеды. «У мясцовага падлетка паламаўся веласіпед, ён адкаціў яго да дзядулі, каб той адрамантаваў яго, – расказвае старшы следчы раённага аддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь Аксана Аглушэвіч. – Дарослыя паставілі транспарт каля дома. Каля 23 гадзін бабуля выходзіла на вуліцу і бачыла, што веласіпед стаіць. Іх суседзі на работу дабіраліся на двухколавым транспарце, які на ноч ставілі ля дома, папрярэдне замкнуўшы на замок».
Зранку бабуля выйшла на вуліцу і пабачыла, што веласіпед знік. А суседзі, якія збіраліся на работу, пабачылі зламаны замок і ланцуг, якім прышпільваўся веласіпед. Па факце крадзяжу супрацоўнікамі райаддзела заведзена крымінальная справа.
Як адзначае Аксана Аглушэвіч, адпрацоўваюцца раней судзімыя асобы, грамадзяне, якія вядуць асацыяльны лад жыцця. «Зараз следчыя працуюць на вялікім фронце работы, – падкрэслівае старшы следчы. – Як паказвае практыка, украдзеныя веласіпеды заўсёды знаходзяцца – актыўна вядзём маніторынг аб’яў аб продажы веласіпедаў ці іх частак».
Згодна з заканадаўствам, за дадзенае злачынства можна пазбавіцца волі тэрмінам да трох год.
Аляксандр ШЭДЗЬКО
ПАРАДЫ ад Следчага камітэта, каб захаваць свой веласіпед:
не пакідайце веласiпед на ноч у пад’ездах, на лесвічных пляцоўках, каля сваіх дамоў, нават калі ёсць замыкальная прылада;
не пакідайце веласіпед без нагляду, нават калі адлучаецеся ненадоўга;
прымыкайце веласіпед за кола і раму, а калі дазваляе трос, за абодва колы і раму;
калі неабходна пакінуць веласіпед у грамадскім месцы, паспрабуйце прышпіліць яго ў полi зроку камер відэаназірання;
не давярайце свой веласiпед незнаёмым ці малазнаёмым людзям, умейце адмовіць на просьбу пракаціцца на веласiпедзе;
зрабіце фатаграфію веласiпеда, запішыце назву мадэлі, нумар на раме, выканайце гравіроўку на асноўных дэталях (колах, рулі, раме і інш.) веласiпеда.

