Нічыя з лідарам
У нядзелю, 22 верасня, ФК «Шуміліна» на гарадскім стадыёне правёў заключны матч рэгіянальнага этапа рэспубліканскіх спаборніцтваў па футболе чэмпіянату Рэспублікі Беларусь па футболе 2024 года сярод мужчынскіх каманд другой лігі (першынство Віцебскай вобласці па футболе). Сапернікам быў лідар групы – дубровенскі «Днепр».
Перад пачаткам гульні намеснік старшыні райвыканкама Ірына Шалахава і галоўны спецыяліст райвыканкама Дзяніс Пячко павіншавалі футбалістаў і балельшчыкаў з завяршэннем футбольнага сезона. Лепшыя ігракі ФК «Шуміліна» Антон Ганушчанка, Ігар Спатар, Павел Барысаў, Аляксандр Архіпаў і Ягор Крыгін, трэнер Юрый Валяўка атрымалі каштоўныя падарункі ад Обальскага керамічнага завода і ПГУП «Казарка».
Дубровенскі «Днепр» пачаў гульню па-чэмпіёнску: валодаў ініцыятывай і дамініраваў на полі. Праўда, да вострых момантаў ля нашых варот не даходзіла. Шумілінцы контратакавалі, падчас аднаго з такіх выпадаў Яўген Калеснікаў адкрыў лік у матчы. 1:0 – з такім лікам каманды пайшлі на перапынак.
Другі тайм выдаўся відовішчным. Госці з першых хвілін прыціснулі ФК «Шуміліна» да варот. Адзін момант, другі – выдатна дзейнічалі шумілінскія абаронцы і галкіпер Павел Барысаў. Нашы футбалісты перахапілі ў сярэдзіне поля мяч, перадача на Ягора Крыгіна – і лік стаў 2:0. Зда-валася, матч зроблены, але на самой справе гэта быў толькі пачатак сапраўднай вострай футбольнай гульні.
«Дняпру» ўдалося зраўняць лік. Гульня супакоілася. Да фінальнага свістка заставалася 10 хвілін. І Алег Гайдукоў выводзіць ФК «Шуміліна» наперад. Тым часам адбываецца замена: вопытны галкіпер Павел Барысаў ідзе на лаўку запасных, а ў вароты становіцца малады Іван Гудкоў. Практычна адразу ў нашы вароты прызначаецца пенальці: у прыгожым скачку Іван адбівае мяч. Да канца сустрэчы засталіся дзве хвіліны, за якія дубровенцам удалося зраўняць лік.
«Днепр» выйграў групу, і ў наступным годзе будзе гуляць у групе Б. ФК «Шуміліна» завяршыў сезон на пятым месцы.
Лепшым бамбардзірам стаў Антон Ганушчанка, на яго рахунку 6 галоў. Яўген Калеснікаў і Ягор Крыгін па 5 разоў забілі галы.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.

