Моцныя бацькоўскія карані
Валянціна Васільеўна і Мікалай Уладзіміравіч Коржаневы пераехалі ў Запалянку на пастаяннае жыхарства з Віцебска дзевяць гадоў таму. Што прывяло ў аддаленую вёску? Бацькоўскія карані. Тут усё жыццё аджылі бацькі Валянціны, у спадчыну застаўся нядрэнны дом, гаспадарчыя пабудовы, агарод. Цяпер Валянціна і Мікалай працягваюць справу бацькоў – працуюць на зямлі. Вырошчваюць гародніну і садавіну. Прыязджаюць з горада на выхадныя сын і дачка, трое ўнукаў. Сямігадовая Паліна ўвогуле правяла ў Запалянцы палову лета. І не бяда, што тут інтэрнэт “ловіць” толькі ў пэўных месцах, у дзяўчынкі ёсць іншыя заняткі. «Я цяпер ведаю, як расце морква, – пахвалілася яна. – Мы з мамай збіралі на агародзе кроп, а з бабуляй – памідоры. Люблю хадзіць у куратнік за яйкамі, жаўткі ў іх вельмі жоўтыя, не такія, як у магазіне».
І гаспадарам некалі сумаваць. Яны пабудавалі летні душ, два парнікі, альтанку. Побач з хатай узвялі з блокаў летні домік – для гасцей. А нядаўна па ініцыятыве дзяцей і з іх дапамогай пабудавалі лазню. Засталося скласці печку, заняцца ўнутранымі работамі – дошкі і цэмент ужо закуплены.
Калі да Коржаневых прыязджаюць госці, іх абавязкова частуюць травяным чаем. Чабор, лімоннік, верас, мята і іншыя травы пасаджаны на агародзе па ініцыятыве дачкі Марыны. Гарбата вельмі духмяная!
«Мы любім сваю вёску, – кажуць Коржаневы. – Палюбілі дзеці і ўнукі. І калі надыходзіць час водпускаў і канікулаў, месца яго правядзення для ўсіх адно – Запалянка. Тут прасторна, лёгка дыхаецца».
Ларыса ЗАЙЦАВА.

