Бульба з дастаўкай
Не кожны сталы чалавек у сілах самастойна набыць на зіму бульбу. У такім выпадку на дапамогу прыходзяць работнікі Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.
«Не першы год мы супрацоўнічаем з гаспадаром з Ерашова Валерыем Прыгуном і купляем у яго бульбу, – расказала спецыяліст па сацыяльнай рабоце аддзялення комплекснай падтрымкі ў крызіснай сітуацыі цэнтра Аксана Аўчыннікава. – Вось і сёлета сабралі заяўкі на бульбу ў нашых падапечных, якія знаходзяцца на абслугоўванні сацыяльных работнікаў, а таксама ў людзей з групай інваліднасці.
Заяўкі былі пададзены на 92 сеткі (у кожнай – па 30 кг). Цана была прымальнай – 20 рублёў за сетку. Бульбу падапечным цэнтра, якія жывуць у райцэнтры і аграгарадку Мікіціха даставілі не толькі да пад’езда, але нават і да кватэры – пастараліся вадзіцель Канстанцін Шкляр і сацыяльны работнік Андрэй Тарбееў.
«Вельмі задаволена такой паслугай, свая бульба сёлета не ўрадзіла, – расказала Тамара Мазурына з райцэнтра. – Дзякуй работнікам цэнтра за клопат. Сёлета ўзяла восем сетак бульбы для сябе і сяброўкі. Бульба чысценькая, гладзенькая. Мужчыны ў падвал занеслі і роўненька склалі – нізкі паклон за гэта».
Ларыса ЗАЙЦАВА.

