ДЭПУТАТ-ВЫБАРШЧЫК: ЗВАРОТНАЯ СУВЯЗЬ
Сустрэчы па важных пытаннях
Зараз актыўна праходзяць сустрэчы дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў з выбаршчыкамі, падчас якіх абмяркоўваюцца важныя пытанні жыцця краіны і раёна.
Актуальным пытанням электаральнай кампаніі і маючых адбыцца выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, жыццезабеспячэння насельніцтва аграгарадка Башні была прысвечана сустрэча старшыні Светласельскага сельскага Савета дэпутатаў Валерыя Шчамялёва і дэпутата раённага Савета дэпутатаў па Башнёўскай выбарчай акрузе № 24 Алены Карпушэнка, галоўнага рэдактара газеты «Герой працы», з працоўным калектывам Башнёўскай базавай школы.
Работнікаў школы цікавілі пытанні вулічнага асвятлення ў аграгарадку, а таксама работы рынку ў Шуміліне, вывазу будаўнічага смецця з прыватнага сектара ў райцэнтры.
Алена Карпушэнка таксама правяла сустрэчу з жыхарамі вёскі Язвіна. Гаварылі пра ўсе аспекты жыцця вяскоўцаў. Язвінцы дзякавалі раённым уладам за належную работу ФАПа, транспартныя зносіны, гандлёвае абслугоўванне, работу паштовага аддзялення, арганізацыю вывазу смецця. Разам з тым былі ў жыхароў населенага пункта і заўвагі. Яны папрасілі дэпутата раённага Савета дэпутатаў дапамагчы ў вырашэнні пытанняў з вулічным асвятленнем вуліц Калгасная і Цэнтральная, водазабеспячэннем і рамонтам дарогі па вуліцы Калгаснай. Засумавалі жыхары населенага пункта па святах і папрасілі арганізаваць ім наступным летам свята вёскі.
Дэпутат занатаваў выказаныя просьбы, каб перадаць іх адказным службам для вывучэння і вырашэння.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.


