Мы в ответе за тех, кого приручили. Закон «об ответсвенном обращении с животными»

Закон

Мы ў адказе за тых каго прыручылі

«Каля шматпавярховага дома дзеці кідалі камянямі ў катоў. Я пасароміла хлопчыкаў, яны разбегліся, – расказвае адна з нашых чытачак. – Варта было б нагадаць на старонках газеты, якая адказнасць існуе за жорсткае абыходжанне з жывёлай».

Праблема для вобласці актуальная – у мінулым годзе зарэгістравана амаль паўсотні выпадкаў жорсткага абыходжання з жывёлай як з боку дарослых, так і дзяцей. А, між іншым, як сцвярджаюць псіхолагі, калі дзеці бачаць фізічнае насілле ў сям’і, яны капіруюць паводзіны дарослых і пераносяць іх калі не на іншых дзяцей, то на “братоў меншых”… У нашым раёне летась зарэгістраваны выпадак, калі мужчына хацеў забіць сабаку суседкі, якая яго пра гэта папрасіла.

Якое пакаранне прадугледжана законам за жорсткае абыходжанне з жывёлай? «Калі такое абыходжанне не прывяло да гібелі жывёлы, да калецтва і катавання, грамадзяніну пагражае штраф да 15 БВ, – расказаў першы намеснік начальніка РАУС Вячаслаў Воранаў. – Калі дзеянні прывялі да гібелі або калецтва жывёлы, пагражае штраф у памеры ад 20 да 30 БВ або грамадскія работы, або адміністрацыйны арышт. Паўторныя дзеянні ці здзейсненыя групай асоб караюцца арыштам або абмежаваннем волі на тэрмін да трох гадоў, або пазбаўленнем волі на той жа тэрмін. Крымінальны кодэкс таксама ўстанаўлівае адказнасць за жорсткае абыходжанне з жывёлай, якое прывяло да яго гібелі і калецтва, здзейсненае з хуліганскіх пабуджэнняў або ў прысутнасці заведама малалетняга (ч. 1 арт. 339-1 КК) – пагражаюць грамадскія работы або штраф, або папраўчыя работы на тэрмін да аднаго года, або арышт».

Змяненні ў Законе. З 1 студзеня 2025 года ўступіў у сілу Закон «Аб адказным абыходжанні з жывёламі», накіраваны на абарону жывёл ад жорсткага абыходжання.

Павышаныя патрабаванні прад’яўляюцца да ўтрымання сабак небяспечных парод – іх уладальнікі павінны прайсці спецыяльныя курсы, пасля якіх атрымаюць пасведчанне.

Заканадаўча адменена абмежаванне на колькасць гадаванцаў, але з умовай, што для кожнага з іх будуць створаны прыдатныя ўмовы для ўтрымання.

Уведзена забарона на ўтрыманне дамашняй жывёлы асобнымі катэгорыямі грамадзян (асуджанымі за жорсткае абыходжанне з жывёламі або за парушэнне правілаў іх утрымання, непаўналетнімі – ім можна завесці гадаванцаў толькі з дазволу дарослых).

Уведзена забарона на наведванне з жывёлай (акрамя павадыроў) прадуктовых магазінаў, устаноў аховы здароўя і адукацыі, аб’ектаў культуры і спорту.

Законам вызначаны выпадкі, калі жывёлу могуць забраць з сям’і часова. Напрыклад, за неаднаразовае прычыненне шкоды жыццю або здароўю людзей, гадаванца і іншых жывёл, чужой маёмасці, знаходжанне небяспечных сабак ва ўласнасці ў тых, каму няма 18 гадоў і т. д. У такіх выпадках часова канфіскаваная жывёла перадаецца ў прытулак або валанцёрам. Пры гэтым выдаткі на ўтрыманне гадаванца пакрывае яго ўласнік.

Па-ранейшаму патрабуецца рэгістрацыя жывёл, а на гаспадара ўскладаюцца абавязкі вакцынацыі гадаванцаў ад шаленства.

Ларыса ЗАЙЦАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *