За забыўчывасць можна пазбавіцца волі да сямі год
У канцы мінулага года па фактах незаконнага набыцця і захоўвання боепрыпасаў і выбуховых рэчываў у адносінах да Мікалая (імя зменена па этычных меркаваннях) следчыя раённага аддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь узбудзілі крымінальную справу. Згодна з заканадаўствам мужчына можа пазбавіцца волі тэрмінам да сямі год.
«Участковы інспектар РАУС на сваім адміністрацыйным участку праводзіў праверку правілаў захоўвання зброі паляўнічымі, – расказвае старшы следчы райаддзела Андрэй Селязнёў. – У Мікалая, паляўнічага з вялікім стажам, зброя захоўвалася ў спецыяльным сейфе. Да гэтага ніякіх пытанняў. А вось наконт таго, што ў гэтым самым сейфе знойдзены два патроны да агнястрэльнай зброі, прэтэнзіі вялікія. Адкуль яны з’явіліся, мужчына растлумачыць не змог».
Адразу была выклікана следча-аператыўная група і праведзены агляд кватэры, падчас якога знойдзены яшчэ 80 патронаў.
У час следства Мікалай успомніў, што набыў патроны ў 90-х гадах на Полацкім рынку ў Віцебску і потым проста забыў пра іх.
Зараз праводзяцца неабходныя следчыя дзеянні і экспертызы, Мікалаю забаронена пакідаць краіну.
– Хочацца нагадаць, што зброя і боепрыпасы заўсёды ўяўляюць небяспеку, а калі яны знаходзяцца ў руках злачынцаў, рызыка ўзрастае ў геаметрычнай прагрэсіі. Таму грамадзяне, якія захоўваюць такія прадметы, немінуча будуць прыцягнуты да крымінальнай адказнасці. Пазбегнуць яе могуць толькі тыя, хто добраахвотна здасць у праваахоўныя органы незаконную зброю, боепрыпасы і выбуховыя рэчывы, – звяртаецца да жыхароў раёна намеснік начальніка РАСК Віктар Казлоўскі. – Калі вам вядомы факты незаконнага захоўвання зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў, паведаміце пра гэта ў праваахоўныя органы (можна і ананімна). Гэтым самым вы захаваеце жыццё і здароўе іншых грамадзян, а магчыма, сваіх блізкіх і ўласнае.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.

