Год пачалі з выпуску новай прадукцыі
На ўчастку варана-вэнджанай прадукцыі цэха забою птушкі «Шуміліна» ТАА «Вітконпрадукт» за мінулы год выраблена 6 тысяч тон прадукцыі. Аб’ёмы вытворчасці павялічаны на 5% у параўнанні з 2023 годам.
Рост прадукцыйнасці звязаны перш за ўсё з мадэрнізацыяй вытворчасці. На ўчастку ў дзве змены працуюць каля 60 чалавек. Асартымент прадукцыі шырокі – вараныя і варана-вэнджаныя каўбасы, сасіскі, сардэлькі, паўфабрыкаты, фаршы, паштэты.
Вытворца паўфабрыкатаў Ірына Сіпко, якая працуе тут трынаццаць гадоў, сёння і не можа прыпомніць, колькі за гэты час праз яе рукі прайшло навінак. Нядаўна на ўчастку ўстаноўлена лінія паніроўкі катлет. Калі раней паўфабрыкаты паніравалі рукамі, то цяпер працэс аўтаматызаваны. У выніку павялічылася хуткасць фармоўкі: калі летась іх выпускалі да 800 кілаграмаў за змену, то зараз – да паўтары тоны. З работай спраўляюцца два чалавекі.
Літаральна некалькі дзён таму пачалі выпускаць тры новыя віды прадукцыі – гуляшы з ячнымі крупам і з грэчкай, руляду курыную з кропам. Для іх вырабу выкарыстоўваюць варанае курынае і свіное мяса.
«Мы робім усё, каб дапамагаць людзям – эканомім іх час на прыгатаванне вячэры, – кажа галоўны тэхнолаг Дзмітрый Сафончык. – Разагрэў кашу ў мікрахвалёвай печцы ці на патэльні – і абед гатовы. Робім за змену кожнага віду новай прадукцыі па 300 кілаграмаў. Яна прадаецца ў 85 фірменных магазінах “Мясная лаўка” аграпрамысловага холдынгу “Славянскі Велес”, у структуру якога ўваходзіць “Вітконпрадукт”».
Ларыса ЗАЙЦАВА.

