На мінулым тыдні шумілінскія спартсмены выдатна выступілі на абласных і рэспубліканскіх стартах.
У Раўбічах на адкрытым першынстве Рэспублікі Беларусі па біятлоне на вядучых ролях сярод дзяўчат была наша зямлячка Анастасія Цітова (першы трэнер Генадзь Салапаеў). У спрынце, нягледзячы на два промахі на двух агнявых рубяжах, Анастасія ўпэўнена (адрыў ад другога месца склаў 17 секунд) выйграла гонку. Біятланістка таксама ўпэўнена выйграла гонку праследавання – адрыў ад другога месца склаў 2 хвіліны 40,8 секунд.
На працягу чатырох дзён у Віцебску праходзілі абласныя спаборніцтвы «Алімпійскія дні моладзі па валейболе» сярод дзяўчат 2008-2009 гадоў нараджэння. За перамогу змагаліся 7 каманд. Да апошняга гульнявога дня каманда Шумілінскай СДЮШАР падышла з 3 перамогамі і 2 паражэннямі. Апошняя гульня супраць бешанковіцкіх валейбалістак стала для нашых зямлячак міні-фіналам за 3 месца. Гульня пачалася няўдачна: без варыянтаў прайгралі першую партыю. Але ў другой шумілінцы знайшлі сваю гульню і вырвалі перамогу. Узяўшы трэцюю партыю, шумілінская каманда выйграла гульню і разам з ёй і трэцяе месца на «Алімпійскіх днях моладзі па валейболе».
Добра выступілі обальскія барцы, выхаванцы Шумілінскай СДЮШАР, на рэспубліканскім турніры па грэка-рымскай барацьбе «Волат-2025», які прайшоў 31 студзеня ў Глыбокім. Данііл Кляцкоў, Ягор Барсукоў і Мікалай Любіч заваявалі першыя месцы ў сваіх вагавых катэгорыях, Дзямід Купрыянаў стаў трэцім. Барцы пачыналі свой спартыўны шлях у трэнера Пятра Ганушчанкі, зараз іх трэніруе Вадзім Лягчонак.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.

