Дапамагае новае лабараторнае абсталяванне
Пацыенты ветэрынарнага ўрача расказваюць пра свае хваробы толькі ў казцы пра доктара Айбаліта. На самой справе яны маўчаць. Вызначыць, што здарылася з жывёлай, як ёй дапамагчы, здольны толькі ўрач, лічаць спецыялісты райветстанцыі.
У раённай ветэрынарнай станцыі працуюць 14 ветурачоў і лабарантаў, якія штодзённа выязджаюць у сельгаспрадпрыемствы раёна рабіць прафілактычныя прышчэпкі і вакцынацыі, лячыць жывёлу. Аб’ёмы работы даволі вялікія: у раёне 24 малочнатаварныя фермы, дзе ўтрымліваецца 5048 кароў, і 12 цялятнікаў, дзе знаходзіцца 8714 галоў маладняку.
«Асноўная наша задача – прафілактыка хвароб жывёлы, арганізацыя і правядзенне лячэбна-прафілактычных і супрацьэпізаатычных мерапрыемстваў, якія забяспечваюць захаванне пагалоўя, –– расказвае намеснік начальніка райветстанцыі Анастасія Дубкова. – Па графіку праводзім вакцынацыю і вітамінізацыю, апрацоўку жывёлы супраць паразітаў, правяраем кароў на цельнасць і вызначаем яе тэрміны. За мінулы год разам з ветурачамі сельгаспрадпрыемстваў пралячылі канечнасці ў 166 жывёл, органы стрававання – у 481, органы дыхання – у 280, малочныя залозы – у 248. Неабходныя лекі закупляюць сельгаспрадпрыемствы раёна».
Спецыялісты райветстанцыі зараз займаюцца не толькі лячэннем жывёлы (кожны дзень выязджаюць у КУСГП “Сіроцінскі” і “Ульскі”, ААТ “Ляжні”, дзе няма ветурачоў). З сярэдзіны студзеня пачаліся адборы проб крыві буйной рагатай жывёлы на бруцэлёз і лейкоз. У гэтым дапамагае абноўленае лабараторнае абсталяванне. З мінулага года асвоілі новую методыку ўзяцця крыві ў вакуумныя прабіркі. «Такі метад бяспечны для спецыялістаў, якія працуюць з жывёлай, і для работнікаў лабараторыі», – зазначыла загадчык лабараторыі-ветурач Таццяна Аржаная (на здымку).
Ларыса ЗАЙЦАВА.

