Хто ў пад’ездзе зробіць рамонт?

У апошнія гады актыўна вядзецца капітальны рамонт шматкватэрных дамоў.
«У нас нядаўна зрабілі капітальны рамонт дома, – кажа Марыя Н., – толькі вось пад’езды як былі неадрамантаваныя, так і засталіся. Растлумачце, хто павінен рабіць у пад’езде рамонт?».
Пытанне адрасавалі намесніку начальніка аддзела архітэктуры і будаўніцтва, жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Ірыне КАРПАВАЙ:
– Згодна з артыкулам 30 «Структура платы за жыллёва-камунальныя паслугі» Жыллёвага кодэкса Рэспублікі Беларусі, які дзейнічае з 2013 года, плата за асноўныя жыллёва-камунальнай гаспадаркі паслугі акрамя платы за тэхнічнае абслугоўванне і камунальныя паслугі, уключае і плату за бягучы рамонт.
Працэдура для бягучага рамонту ўрэгулявана Загадам Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Рэспублікі Беларусі ад 04.02.2015 №5 «Аб некаторых пытаннях бягучага рамонту жыллёвага фонду», якім зацверджаны «Метадалагічныя рэкамендацыі аб арганізацыі работы па бягучым рамонце жыллёвага фонду, крыніцы фінансавання якіх з’яўляюцца сродкамі ўладальнікаў, арандатараў жылых памяшканняў і членаў арганізацый забудоўшчыкаў для бягучага рамонту».
Падставамі для вызначэння неабходнасці рамонтных работ у пад’ездах з’яўляюцца:
– нездавальняючы тэхнічны і эстэтычны стан структурных элементаў пад’езда і абсталявання (выбоіны, расколіны, адслаенне фарбы і пакрыцця, тынкоўкі, наяўнасць несанкцыянаваных надпісаў і г.д.);
– перыядычнасць правядзення работ па бягучым рамонце.
Выбар матэрыялаў і каляровай гамы падчас рамонту пад’ездаў ажыццяўляецца ў адпаведнасці з рашэннем жыхароў. Калі грамадзяне не змаглі пагадзіцца, то фінішны матэрыял і каляровая гама павінны быць падобныя на існуючыя. Аб’ём рамонтных работ вызначаецца ў адпаведнасці з дэфектным актам. Зыходзячы з яго, складаецца каштарыс на рамонтна-будаўнічыя работы. Памер платы за рамонт разлічваецца ў частках, прапарцыянальных агульнай плошчы кватэры. Кошт рамонту пад’езда ўключаецца ў жыроўку.
Аб’екты, якія падлягаюць бягучаму рамонту, уключаюцца ў гадавы план бягучага рамонту. Калі канкрэтны пад’езд уключаны у план, то бягучы рамонт робіцца незалежна ад згоды або нязгоды жыхароў. Варта падкрэсліць, што адмова заключыць пагадненне з абслугоўваючай арганізацыяй не вызваляе грамадзян ад кампенсацыі за праведзеныя работы.
Гадавы план бягучага рамонту пад’ездаў на 2025 год размешчаны на афіцыйным сайце райвыканкама ў падраздзеле «жыллёва-камунальная гаспадарка» раздзела «эканоміка».
Пазапланавы рамонт пад’ездаў ажыццяўляецца пры выяўленні нездавальняючага тэхнічнага і эстэтычнага стану структурных элементаў і інжынерных сістэм (абсталяванне) ў выніку вандальных дзеянняў ці рашэннем спажыўцоў аб неабходнасці рамонту.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
