Сеялкі – у поле!

У раёне стартавала сяўба яравых зерневых і зернебабовых культур.
Першымі прыступілі механізатары ААТ «АграБаравінка» і КУСГП «Ульскі».
Накіроўваемся ва ўрочышча Цербяшова ААТ «АграБаравінка», дзе палеткі папярэдне падрыхтавалі культыватарамі Ігар Пятроў і Іван Шумскі.

А зараз на трактары з пасяўным агрэгатам рупіцца Павел Баршынаў. Ён механізатар цэнтра па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый, а кожную вясну і восень прыходзіць на дапамогу «АграБаравінцы». «Тэхніка ідзе добра! – усміхаецца Павел. – Сам жа яе рамантаваў зімой. Захопліваю адразу шэсць метраў – такую шырыню мае пасяўны агрэгат. За дзень планую засяваць да трыццаці гектараў аўсу. Гэта ў маім жыцці шаснаццатая пасяўная. Пратручанае насенне своечасова падвозіць Віктар Вясна».

Дырэктар сельгаспрадпрыемства Яўген Мурашка пахваліў механізатара за надзейнасць і працавітасць. Восеньскія вынікі работы на палетках Паўла Баршынава выдатныя – 900 гектараў азімых ячменю, трыцікале і пшаніцы. Вясной трэба засеяць 400 гектараў зерневых і зернебабовых – спадзяюцца на Паўла Баршынава.
Ларыса ЗАЙЦАВА.

