Родительские НЕсобрания проводят отдел по образованию райисполкома и педагоги учреждений образования в организациях и на предприятиях Шумилинского района

Образование Общество

Бацькоўскі НЯсход

 У Шумілінскай цэнтральнай раённай бальніцы на мінулым тыдні гаварылі пра дзяцей, пра іх праблемы, пра тое, як знайсці агульную мову з непаўналетнімі.

Па ініцыятыве аддзела па адукацыі райвыканкама ў рамках рэспубліканскага праекта «Бацькоўскія НЯсходы» сюды запрасілі бацькоў на незвычайнае мерапрыемства. Замест фармальных дакладаў – шчырая размова пра тое, чаму падлеткі ўцякаюць у анлайн, як распазнаць недавер у сям’і і што рабіць, калі дзіця кажа: «Вы мяне не разумееце». Спікерамі мерапрыемства выступілі спецыялісты аддзела па адукацыі райвыканкама і СШ № 1 г. п. Шуміліна.– Мы прыйшлі не чытаць натацыі, мы прыйшлі слухаць, абмяркоўваць і разам прыходзіць да высноў, – падкрэсліла намеснік начальніка аддзела па адукацыі райвыканкама Ірына Саўчанка.

Паводле статыстычных даных, 67% падлеткаў адчуваюць сябе адзінокімі нават у кругу сям’і, а 40% бацькоў прызнаюцца, што не ведаюць, як пачаць размову пра самагубствы ці наркотыкі. «Праблема не ў тым, што дзеці змяніліся. Праблема ў тым, што мы, дарослыя, часта не разумеем іх светапогляд, – заўважыла Ірына Саўчанка. – І самае галоўнае, што дзеці са сваімі праблемамі ідуць у Інтэрнэт. І да кожнага з нас павінна прыйсці ўсведамленне, што нельга аддаваць выхаванне нашых дзяцей глабальнай сетцы, а трэба самім несці адказнасць за іх».

«Сучасныя дзеці рэдка кажуць «Я цябе ненавіджу». Яны кажуць: «Мне ўсё роўна». Але гэта і ёсць іх крык пра дапамогу, – уключыўся ў размову галоўны спецыяліст аддзела па адукацыі райвыанкама Аляксандр Сядзельнікаў. – Мы страцілі навыкі размовы, гутаркі. Замест «Як справы?» – «Чаму ў дзённіку тройка?». Нам трэба вучыцца размаўляць з дзецьмі». Арганізатары мерапрыемства прапанавалі простыя, але дзейсныя крокі: кожны дзень 20 хвілін гуляць з дзіцём у яго любімую гульню, стварыць сямейны рытуал (напрыклад, сумеснае прыгатаванне вячэры) і навучыцца задаваць адзін аднаму пытанні.

Як адзначыла Ірына Саўчанка, «Бацькоўскія НЯсходы» пройдуць і ў іншых арганізацыях і прадпрыемствах.

Аляксандр ШЭДЗЬКО.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *