Выслухаць, падказаць, дапамагчы
Зараз актыўна праходзяць сустрэчы дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў з выбаршчыкамі і справаздачы аб рабоце. Галоўная задача дэпутата – быць у курсе спраў на тэрыторыі выбарчай акругі, ведаць, чым жывуць выбаршчыкі, выслухаць, падказаць, дапамагчы.
На мінулым тыдні на сустрэчу з выбаршчыкамі, жыхарамі вёскі Лажок Светласельскага сельсавета, адправілася дэпутат раённага Савета дэпутатаў па Башнёўскай выбрачай крузе № 24 галоўны рэдактар газеты «Герой працы» Алена Карпушэнка.
Размова адбылася шчырая і адкрытая. Гаварылі на самыя розныя тэмы: сацыяльна‑эканаміч нае развіццё раёна, медыцынскае, гандлёвае, паштовае, транспартнае абслугоўванне, работу дарожных і камунальных службаў.
«Нам тут добра жывецца», – прыемна было чуць, як прызнаваліся ў любві да малой радзімы жыхары вёскі. Некаторыя, маючы кватэры ў гарадах, вярнуліся ў бацькоўскія дамы і нарадавацца не могуць і прыродзе, і спакою, і размеранаму ладу жыцця.
«Перадайце, калі ласка, на старонках газеты, калі ёсць такая магчымасць, нашу ўдзячнасць за добрую работу нашай паштальёнцы Анечцы, за спагаду, разуменне і падтрымку – кіраўніку мясцовага сельгаспрадпрыемства Яўгену Георгіевічу Мурашку, які заўсёды ідзе нам насустрач», – прасілі вяскоўцы.
Былі і просьбы пасадзейнічаць у вырашэнні пытанняў. Двое гаспадароў, якія трымаюць кароў (адна сям’я трымае тры каровы), прасілі па магчымасці дапамагчы вырашыць іх просьбу – каб у летні сезон малако з іх падворкаў забіралі не праз дзень, а кожны. Маўляў, у спёку няма дзе ахалоджваць яго і захоўваць.
Другое пытанне тычылася мясцовых грамадзянскіх могілак. Агароджа, якая калісьці была ўстаноўлена, патрабуе замены. Яна вельмі патрэбна, бо па дарозе, якая побач з могілкамі, ганяюць статак кароў сельгаспрадпрыемства. Старшыня сельвыканкама Валерый Шчамялёў, які прымаў удзел у сустрэчы, паведаміў жыхарам Лажка, што работы на грамадзянскіх могілках заплана ваны на май. Вельмі хацелася б, каб і самі жыхары не заставаліся ў баку, а сталі актыўнымі ўдзельнікамі добраўпарадкавання.
Дэпутат занатаваў выказаныя просьбы, каб перадаць іх адказным службам для вывучэння.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.


