Бліскучы поспех нашых юнкораў
У Беларускім дзяржаўным універсітэце завяршыўся Рэспубліканскі конкурс юных журналістаў «Старт». Сёлета ён быў прымеркаваны да 80-годдзя Вялікай Перамогі. Конкурс праводзіўся пры падтрымцы Міністэрства інфармацыі, Міністэрства адукацыі, ГА «Беларускі саюз журналістаў». Усяго на творчае спаборніцтва паступіла каля 300 работ з розных куткоў Беларусі.
Сярод пераможцаў і прызёраў конкурсу – вучні СШ № 1 г. п. Шуміліна, юнкоры газеты «На школьнай хвалі» Кірыл Коцікаў, Сямён Медзікаў, Соф’я Малашонак, Анастасія Шаракова і Сняжана Валчэцкая. Рабяты сталі лепшымі ў намінацыі «Праект».
На конкурс былі адпраўлены некалькі нумароў школьнай газеты з матэрыяламі, у якіх юныя карэспандэнты расказвалі па ўдзельнікаў вайны, ветэранаў, Герояў Савецкага Саюза, пра помнікі і абеліскі, пра мерапрыемствы, прысвечаныя тэме вайны. Таксама прафесійнае журы конкурсу адзначыла работу кіраўніка клуба Вольгі Сарокінай. Яна была ўзнагароджана дыпломам у намінацыі «Кіраўнік».– Гэта наш першы ўдзел у такім маштабным конкурсе! Мы шчаслівыя, што нам удалося заявіць пра сябе і стаць лепшымі ў рэспубліцы! – падзяліліся ўражаннямі хлопцы і дзяўчаты.
Ад душы віншуем увесь творчы калектыў газеты «На школьнай хвалі» з бліскучым вынікам і жадаем далейшых дасягненняў на інфармацыйна-камунікацыйнай прасторы!
Вольга КОЦІКАВА, галоўны рэдактар газеты «На школьнай хвалі»

