Жарты са зброяй дрэнныя
Мала мець зарэгістраваную зброю, трэба яшчэ з ёй акуратна абыходзіцца, каб нікому не прынесці шкоды.
Пра гэта правіла, відаць, забыўся адзін з жыхароў аграгарадка Крывое Сяло, калі ў стане алкагольнага ап’янення страляў з паляўнічай зброі ў дзверы свайго суседа. Пашкодзіў сцяну і міжпакаёвыя дзверы. Вяскоўцы патэлефанавалі ў міліцыю, супрацоўнікі РАУС утаймавалі хулігана.
Як высветлілася, мужчына меў дазвол на захоўванне і нашэнне паляўнічай гладкаствольнай зброі маркі “Іншамарка” 16 калібру, меў і пасведчанне на права паляванне. У пачатку года супрацоўнікі РАУС правяралі ў яго ўмовы захоўвання зброі і боепрыпасаў да яе. Але “зялёны змій” зрабіў сваю справу… Супраць мужчыны ўзбуджана крымінальная справа, яму пагражае абмежаванне волі ад 3 да 5 гадоў або пазбаўленне волі ад 3 да 10 гадоў.
Зараз на ўліку ў РАУС стаяць 295 уладальнікаў грамадзянскай зброі, якія маюць на захоўванні 352 адзінкі зброі. За мінулы год у жыхароў раёна было канфіскавана 488 боепрыпасаў, 4 адзінкі незарэгістраванай зброі і 9 адзінак зарэгістраванай. Грамадзяне добраахвотна здалі 7 боепрыпасаў, 9 адзінак незарэгістраванай зброі, 2 адзінкі зарэгістраванай.
«З мэтай супрацьдзеяння незаконнаму абароту зброі, боепрыпасаў, выбуховых устройстваў з 11 красавіка па 2 мая праводзіцца прафілактычнае мерапрыемства, – кажа старшы інспектар прафілактыкі аддзялення аховы правапарадку і прафілактыкі РАУС Дзмітрый Шэдзько. – Па законе грамадзяне, якія прынеслі ў РАУС не ўлічаную ва ўстаноўленым парадку агнястрэльную зброю, боепрыпасы, выбуховыя рэчывы, вызваляюцца ад адказнасці. Здаць забаронены арсенал у міліцыю можна не толькі падчас прафілактычнай акцыі, але і ў любы час. Хочацца нагадаць, што за незаконныя дзеянні ў адносінах да паляўнічай агнястрэльнай гладкаствольнай зброі (набыццё, захоўванне, перавозка, перасылка) складаецца адміністрацыйны пратакол, максімальная санкцыя па якім – штраф ад 10 да 30 БВ з канфіскацыяй прадмета адміністрацыйнага правапарушэння або без яго. Калі чалавек захоўвае незаконна агнястрэльную наразную зброю, боепрыпасы да яе, а таксама выбуховыя рэчывы, то за гэта пагражае крымінальная адказнасць з максімальным пакараннем пазбаўленне волі да 7 гадоў з канфіскацыяй маёмасці або без канфіскацыі».
Пра факты незаконнай зброі супрацоўнікі РАУС просяць паведамляць на тэлефоны “гарачай лініі” 102, 5-57-67, 8-029-325-76-02, 710-53-72, 232-96-50, якія працуюць кругласутачна.
Людміла ЗУЙКОВА

