В «Сиротинском» сеют кукурузу новой сеялкой точного высева

Сельское хозяйство

Абкатваюць новую сеялку

 У КУСГП «Сіроцінскі» адсеялі 268 гектараў ранніх яравых зерневых, 60 га яравога рапсу і 110 га проса на насенне, у бліжэйшых планах – сяўба канюшыны і баркуну, расказаў в. а. дырэктара сельгаспрадпрыемства Уладзіслаў Осіпаў.

Прыступілі да сяўбы кукурузы, пад якую адведзена 150 гектараў палеткаў. У пачатку бягучага тыдня работы вяліся на палетках паміж аграгарадком Слабада і вёскай Дворышча. На трактары «Беларус-3022» працаваў Вадзім Гарланаў.– Да МТЗ прычэплены шыроказахопныя бароны, за дзень рыхтую да пасеву да паўсотні гектараў палеткаў, а то і больш, – расказаў Вадзім. – Зямля пасля дажджу памякчэла.

Пасля апрацаваных да сяўбы палеткаў да работы прыступае Анатоль Барадзёнак. Яму сёлета даверылі працаваць з новай сеялкай дакладнага высеву, якую сельгаспрадпрыемства набыло ў Ціраспальскім агратэхсэрвісе.

Кіраўніцтва гаспадаркі адзначае, што дзякуючы такім вопытным механізатарам, як Вадзім Гарланаў і Анатоль Барадзёнак, прадпрыемства спраўляецца з веснавымі работамі сваімі сіламі.

 Спецыялісты райсельгасхарчу зазначылі, што ўсе сельгаспрадпрыемствы, акрамя райаграсэрвісу, прыступілі да сяўбы кукурузы. Яе запланавана засеяць 2800 гектараў. На раніцу 7 мая праведзены работы на 1102 гектарах (39,4%).

Ларыса ЗАЙЦАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *