День работы с населением прошёл в Ковляковском сельсовете

Новости Общество

 Ёсць запыт на сацыяльныя паслугі

 13 мая рабочая група райвыканкама, якую ўзначальваў начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Руслан Матвейчук, аб’ехала населеныя пункты Каўлякоўскага сельсавета, правяла сустрэчы з жыхарамі вёсак.

У цэнтры сельсавета, аграгарадку Крывое Сяло, сустрэча праходзіла ў будынку сельвыканкама. Кіраўнік групы Руслан Алегавіч нагадаў пра Год добраўпарадкавання, неабходнасць навядзення парадку ў населеных пунктах, адзначыў парадак каля воінскага пахавання, будынка храма.

Вяскоўцы актыўна ўключыліся ў размову, выказвалі набалелыя пытанні. Паднялі пытанне навядзення парадку ў вёсцы і на грамадзянскіх могілках. Старшыня сельвыканкама Віктар Калыхан расказаў, што плануецца зрабіць у аграгарадку па абкошванні і высечцы хмызняку. Ён заклікаў вяскоўцаў больш актыўна далучацца да навядзення парадку вакол сядзіб. Была выказана прапанова правесці ў аграгарадку і на могілках суботнік і разам навесці парадак. З праблем зноў паднялі пытанне рамонту дахаў у некаторых двухпавярховых шматкватэрных дамах. У мінулым годзе на адным доме часткова зрабілі рамонт, але праблема не вырашылася.

Работнік Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Таццяна Карнеева расказала пра платныя паслугі, якія аказвае цэнтр насельніцтву пенсійнага ўзросту, у тым ліку па апрацоўцы агародаў і абкошванні. У сталых вяскоўцаў была цікаўнасць да паслуг, яны бралі кантактныя тэлефоны, цікавіліся расцэнкамі.

Участковы інспектар міліцыі Віктар Галуза гаварыў пра бяспеку і пільнасць, пра абарону ад махляроў, у тым ліку тэлефонных, нагадваў пра ўзаемную падтрымку і догляд, асабліва ў маланаселеных і аддаленых вёсках.

У Полькавічы група прыехала, калі там знаходзіўся мабільны флюарограф. Сабраліся жыхары не толькі Полькавіч, аўтамабілі медыцынскай дапамогі падвозілі людзей з аддаленых вёсак. Таму сустрэча была шматлюднай. Вяскоўцы агучылі дзве асноўныя праблемы: грэйдзіраванне дарог і якасць пітной вады. У Полькавічах скардзіліся, што з-за адсутнасці медработніка не працуе ФАП, пакуль праблему закрывае мабільны ФАП. На якасць вады скардзіліся ў Полькавічах і Яцуках. Незадавальненне выклікае асартымент аўтамагазіна.

Дарэчы, па дарозе рабочая група сустрэла грэйдар (ён працаваў на ўчастку дарогі Бешанковічы-Кавалеўшчына), а значыць адна з праблем вырашылася ў гэты ж дзень.

У в. Духравічы.

Шэраг зваротаў насіў індывідуальны характар і тычыўся пытанняў, звязаных з афармленнем жылога дома ці зямельнага ўчастка, замены слупа электралініі ці падключэння да водаправода і інш. Усе звароты вяскоўцаў былі зафіксаваныя, яны будуць абагульнены і накіраваны для вырашэння ў адпаведныя службы. Вынікі дня работы з насельніцтвам будуць падвезены на нарадзе ў кіраўніка раёна.

Сяргей ЕРМАЛАЕЎ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *