Рубиновый юбилей семьи Комаровых

Людзі і лёсы Общество Семья

Каханне з рубінавым бляскам

Рубінавы юбілей сумеснага жыцця адзначылі нядаўна Лідзія Дзмітрыеўна і Сяргей Уладзіміравіч Камаровы з аграгарадка Башні. Яны крочаць разам сорак гадоў. Іх каханне набывае новыя адценні і зараз ззяепераліваецца рубінавым бляскам.

Іх сімпатыі зарадзіліся на вясковых танцах. Лідзія жыла ў Башнях, Сяргей – у Гародна. Абодва хадзілі на танцы ў Амбросавіцкі клуб. Калі Сяргей вярнуўся з арміі, Лідзія ўжо закончыла Полацкі сельгастэхнікум і працавала ў калгасе імя Энгельса бухгалтарам. Іх агульны знаёмы з Гародна запрасіў на адпраўкі. «Я адразу звярнуў увагу, як Ліда з братамі зайшла ў пакой. Прыгожая, з добрай фігурай. Мае вочы зачапіліся за яе, – усміхаецца Сяргей Уладзіміравіч. – Яны селі за стол насупраць, а пасля таго, як запрасіў дзяўчыну на танец, мы ўжо сядзелі разам. І я зразумеў, чаму гэта мае галошы, перакінутыя падчас варажбы на Каляды, глядзелі ў бок Башнёў…».

Праз паўгода згулялі вяселле. Звычайнае, сялянскае, калі гудзела амаль уся вёска. Распісаліся ў Светласельскім сельвыканкаме, там далі матэрыяльную дапамогу на пакупку пярсцёнкаў (у той час была такая падтрымка для маладых) – па сто рублёў кожнаму. Камаровы ўспамінаюць, што дарогі той вясной былі гразкія, бо ішлі дажджы. І калі паехалі да хаты маладога ў Гародна, то каб прайсці ўздоўж канавы, прыйшлося зняць чаравікі. І жаніх ішоў басанож, несучы на руках нявесту – зберагаў яе і белую вясельную сукенку ад бруду.

Сяргей стаў працаваць у калгасе імя Энгельса на бензавозе, і неўзабаве старшыня калгаса Віктар Ніканаў уручыў маладой сям’і ключы ад новай трохпакаёвай кватэры – Камаровы і зараз у ёй жывуць. Кожны куток зроблены на свой лад і стыль. Лідзія Дзмітрыеўна з гонарам кажа, што яе муж – сапраўдны гаспадар. Ён бачыць, што дзе трэба адрамантаваць, пабудаваў гараж і лазню, мае зварачны апарат, сталярныя інструменты. Сваімі рукамі зрабіў міні-трактар для апрацоўцы агарода і перавозкі грузаў. А калі трэба было, дык і кашу варыў старэйшай дачцэ Людачцы, і стужкі ў коскі ўплятаў, пакуль жонка з малодшай Леначкай ляжалі ў бальніцы.

Ну, а кухня, дом і прыгажосць – за жонкай. Ёй дай волю, дык увесь агарод кветкамі засадзіць. Прыходзіцца стрымліваць, жартуе Сяргей, прасіць, каб пакінула месца для цыбулі і агуркоў. А калі сур’ёзна, то гаспадар лічыць, што пашанцавала яму з жонкай – добрая, пакладзістая, клапатлівая.

Зараз асаблівая радасць Сяргея і Лідзіі Камаровых – двое ўнукаў. Разам з імі любяць ездзіць у паездкі. Вось нядаўна вярнуліся з “Прарыву”, а дагэтуль былі ў Нясвіжскім палацы, на Блакітнай крыніцы ў Слаўгарадскім раёне.

Сумесныя гады жыцця не астудзілі пачуццяў Камаровых, а, наадварот, дадалі мудрасці і разумення, адчування, што побач родны чалавек, з якім пашанцавала і якога трэба берагчы.

Ларыса ЗАЙЦАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *