Доска почёта Шумилинского района. Дмитрий Ананьев

Главное Молодёжь Общество Спорт, туризм

На раённую Дошку гонару  за высокія паказчыкі ў рабоце ў 2024 годзе занесены  намеснік дырэктара па асноўнай дзейнасці  Шумілінскай спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву  Дзмітрый АНАНЬЕЎ.

Фактычна сваю прафесію Дзмітрый Ананьеў выбраў у 2-м класе, калі запісаўся ў валейбольную секцыю да Любові Бабовай. Хлопец практычна адразу ўлюбіўся ў валейбол. А ў трэнера Анатоля Завадскага адчуў смак перамогі: у складзе каманды станавіўся неаднаразовым чэмпіёнам вобласці, выйграў рэспубліканскую дзіцяча-юнацкую валейбольную лігу «Мяч над сеткай».

«Пасля адной з перамог вырашыў, што таксама хачу быць трэнерам, – успамінае Дзмітрый. – З кожнымі новымі спаборніцтвамі жаданне расло. Таму пасля школы без ваганняў паступіў на факультэт фізічнай культуры ВДУ імя П. М. Машэрава».

Сённяшні дырэктар СДЮШАР Алег Асташонак таксама адыграў значную ролю ў жыцці Дзмітрый. «На той час працаваў настаўнікам фізкультуры ў СШ № 1 г. п. Шуміліна, – расказвае Алег Вячаслававіч. – Памятаю Дзмітрыя як вельмі адоранага вучня, які паказваў добрыя вынікі ва многіх відах спорту. Калі даведаўся, што ён хоча стаць трэнерам, падтрымаў».

Першым месцам работы маладога спецыяліста стаў фізкультурна-аздараўленчы цэнтр. Работа падабалася, але ж хацелася працаваць з дзецьмі і дабівацца вынікаў. Таму пераход Дзмітрыя Ананьева ў СДЮШАР стала знакавай падзеяй у жыцці хлопца. Дзеці пацягнуліся да маладога трэнера, паверылі яму. А дапамагалі ў станаўленні, як вы здагадаліся, Любоў Бабова і Алег Асташонак.

– У Дзмітрыя гарэлі вочы, ён цікавіўся самымі дробнымі нюансамі работы, – працягвае Алег Асташонак. – Было бачна, што спартыўная школа для яго не проста работа, а значна больш. У 2022 годзе ў нас з’явілася вакантная пасада намесніка дырэктара па асноўнай рабоце. Вось і прапанаваў яе маладому і перспектыўнаму трэнеру.

Дзмітрый згадзіўся, яму было цікава паспрабаваць сябе ў іншай спартыўнай ролі. Загады, распараджэнні, адпраўка на спаборніцтвы ў іншыя гарады, правядзенне турніраў – за ўсім стаіць работа і намесніка. «Радуе, калі на спаборніцтвах выхаванцы перамагаюць, як, напрыклад, нядаўна Дзмітрый Ярыга, Даніла Акуцёнак і Цімур Сава ў складзе зборнай Беларусі сталі пераможцамі міжнароднага турніру па валейболе ў Ніжнім Ноўгарадзе, ці каманды нашай спортшколы выйграюць першынствы, ці дзеці працягваюць вучыцца ў вучылішчах алімпійскага рэзерву, – заўважае Дзмітрый. – Разумееш, што твая работа патрэбная і прыносіць вынік».

Дзмітрый Ананьеў не застаецца ў баку ад падзей, якія праходзяць у раёне і рэспуб ліцы. Ён актывіст рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Белая Русь» і Беларускай партыі «Белая Русь». Тры гады запар Дзмітрый узначальвае велакалону падчас велапрабегу на вуліцах Шуміліна ў Дзень Дзяржаўнага сцяга, Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь.

Аляксандр ШЭДЗЬКО



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *