Лес – адно з найбольш любімых месцаў адпачынку. Ён дае нам шмат як у плане адпачынку, так і ў прамысловым плане. Непасрэдныя зносіны з прыродай і назіранні за жывёльным і раслінным светам у натуральных умовах асабліва прывабныя для гарадскіх жыхароў. Большасць з іх мае вельмі абстрактныя ўяўленні пра лес.
Наведваючы лес, жыхары часта скардзяцца на яго захламленасць, наяўнасць ламачча і сухастою. Аднак кожны з нас павінен ведаць, што жыццё ў лесе бесперапыннае і падпарадкавана свайму стваральнаму парадку і пераемнасці. Як адзін з яркіх прыкладаў кругазвароту ў прыродзе і ўзаемасувязі розных жывых арганізмаў можна прывесці звычайны пень, які пасля высечкі дрэва працягвае жыць. Ён служыць месцам пасялення грыбоў, імхоў, лішайнікаў, розных насякомых, іншых жывых арганізмаў, неабходных для натуральных працэсаў аднаўлення лясоў. Калі цалкам выдаляць з лесу ламачча і сухастой, не даючы ім ператварыцца ў перагной, то тым самым зніжаецца ўрадлівасць глебы. У натуральных экасістэмах (без умяшання чалавека) мёртвая драўніна складае 10-15% ад аб’ёму біямасы насаджэння.
Лес – гэта не парк, а натуральнае асяроддзе для птушак, звяроў, мікраарганізмаў. Гэтую прынцыповую розніцу неабходна разумець, каб больш поўна прадстаўляць сутнасць і маштаб натуральных працэсаў, якія адбываюцца ў лесе.
Яўген ВЕРАМЕЙЧЫК, галоўны ляснічы Шумілінскага лясгаса.
