«Опыт показал, что гречку надо выращивать», – считает директор «АгроБоровинки»

Новости Сельское хозяйство

«АграБаравінка» будзе вырошчваць грэчку

Роўненькімі радочкамі на палетках  ААТ «АграБаравінка» ўсходзяць зерневыя, якія поўнасцю ўжо адсеялі. Зараз на палетках ідзе сяўба грэчкі.

Сталыя механізатары «АграБаравінкі» помняць, што ў 90-ыя гады ў гаспадарцы спрабавалі сеяць грэчку. Але па шэрагу прычын зноў перайшлі толькі на зерневыя. І дарэмна, лічыць дырэктар сельгаспрадпрыемства Яўген Мурашка.

«Як паказаў вопыт мінулага года, грэчку трэба вырошчваць – гэта справа выгадная, – працягвае ён. – У мінулым годзе мы атрымалі на круг 15 цэнтнераў з гектара. Здалі зерне ў кошт дзяржзаказу і пакінулі сабе на насенне. Тону грэчкі летась прадавалі па 700 рублёў, а зерне – па 300 рублёў. Як бачыце, розніца істотная. Галоўнае пры вырошчванні грэчкі – своечасова зрабіць хімпраполку. Прычым, летась дастаткова было адной».

Разам з начальнікам участка Аляксандрай Міраненка накіроўваемся ў далёкае ўрочышча Хвостава, дзе на МТЗ з сеялкай працуе мясцовы механізатар Вячаслаў Дубінін. Ён расказаў, што глебу падрыхтаваў да сяўбы Пётр Баранаў на трактары з дыскатарамі. Задача Вячаслава – засяваць. «Ужо гатовы 41 гектар ва ўрочышчы Грынёва, – удакладняе механізатар. – Астатнія 129 гектараў будуць расці ў Хвоставе. Усяго сёлета грэчкі засеем 170 гектараў – гэта ў 1,7 раза больш, чым летась».

Гаспадарка засявае гатунак “купава”, ён сярэдняспелы, устойлівы да палягання, асыпання і засухі і ўключаны ў спіс найбольш каштоўных па якасці сартоў крупяных культур.

Ларыса ЗАЙЦАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *