Куда идти после 9-го класса? Требования Кодекса об образовании, мнения специалистов, родителей, учеников

Образование Общество

Тэма бацькоўскага сходу: «Пасля 9 класаў пайсці ў 10-ты ці паступаць?»

Калі для большасці дзяцей заканчэнне навучальнага года – доўгачаканая радасць, то для выпускнікоў і іх бацькоў – дадатковыя клопаты. Працягваць вучобу ў 10-м класе ці пайсці ў сярэднюю спецыяльную і прафесійна-тэхнічную ўстанову? Куды паступаць, каб не пралічыцца з выбарам прафесіі?

Аксана ТАЛСТАЯ,  начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама:
– Кодэкс аб адукацыі Рэспублікі Беларусь прадугледжвае абавязковую агульную сярэднюю адукацыю. Яе можна атрымаць як пасля заканчэння 11 класаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, так і ў ССНУ.

У  9-цікласнікаў ёсць магчымасць як прадоўжыць навучанне ў 10-м класе, так і зрабіць свядомы выбар па атрыманні прафесіі ў каледжах. Аддзелам па адукацыі вядзецца мэтанакіраваная работа у гэтым напрамку: кірмашы мэтавай падрыхтоўкі, дні адкрытых дзвярэй, прафзлёт, дыягностыкі і г.д. Аналіз размеркавання выпускнікоў 9-х класаў у 2024 годзе паказаў, што палова працягвае навучанне ў 10-х класах школ.

Пасля 9 класа абітурыенты паступаюць у навучальныя ўстановы без уступных экзаменаў па конкурсе атэстатаў (за выключэннем творчых прафесій).  Як правіла, вучэбная праграма каледжа разлічана такім чынам, каб курс сярэдняй школы быў пройдзены за 1-2 гады, астатні час будзе прысвечаны прафесійнай падрыхтоўцы. А калі выпускнік не паступіць пасля 11 класа ва ўстанову вышэйшай адукацыі і вырашыць пайсці ў каледж, то ён «згубіць» пры гэтым 1 год. А з улікам тго, што ў большасці каледжаў сёння рэалізуецца сістэма бесперапыннай адукацыі, пры жаданні можна прадоўжыць навучанне ва ўстановах вышэйшай адукацыі па скарочаным тэрміне навучання. Такім чынам, вучань ужо праз 3-4 гады атрымлівае прафесію.

Акрамя таго, сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы сёння актыўна супрацоўнічаюць з патэнцыйнымі работадаўцамі, якія ахвотна бяруць на практыку студэнтаў. Таму да заканчэння навучання разам з прафесіяй выпускнік, як правіла, атрымлівае і месца работы.  Таксама варта адзначыць што выбар прафесій і спецыяльнасцей шырэй прадстаўлены ў ССНУ для выпускнікоў 9 класаў, чым для выпускнікоў 11 класаў.

На сённяшні дзень  21  выпускнік заключыў мэтавы дагавор па педагагічных спецыяльнасцях і 22 – па іншых

МЕРКАВАННІ БАЦЬКОЎ

Вераніка, Шуміліна:
– Я мнагадзетная мама. Пад апекай знаходзяцца двое дзяцей (сыноў). На сямейнай нарадзе было прынята рашэнне, што старэйшы прыёмны сын пасля 9 класаў будзе паступаць у Гарадоцкі аграрна-тэхнічны каледж. Не пашкадавалі аб прынятым рашэнні. У каледжы створаны камфортныя ўмовы для пражывання, матэрыяльна-тэхнічная база дазваляе атрымаць якасную адукацыю. Да плюсаў можна аднесці арганізацыю падвозу, атрыманне пасведчання вадзіцеля катэгорыі «В», што не малаважна для маладых людзей. Сын паступаў па мэтавым дагаворы. У лютым здаў дзяржэкзамены і працаўладкаваўся ў ААТ «Прыазёрны мір». Прадпрыемства адразу ж выплаціла «пад’ёмныя», плюс штомесячную надбаўку як маладому спецыялісту каля 130 рублёў. Плануе ў лістападзе паступаць у Горацкую сельскагаспадарчую акадэмію на скарочаны тэрмін навучання.

Вольга, Шуміліна:
– У гэтым годзе мая дачка заканчвае 9 клас. Яшчэ ў пачатку навучальнага года вырашылі, што будзем рабіць. Праўда, доўга не маглі вызначыцца са спецыяльнасцю. У выніку выбралі лясную гаспадарку, з Шумілінскім лясгасам заключылі мэтавы дагавор. Сярэдні бал у дачкі высокі, таму разлічваем на 100%-нае паступленне.

 Ірына, Мікіціха:
– Паступаць ці ісці ў 10 клас? Адназначна ў дзясяты, у клас аграрнай накіраванасці. Іншы варыянт нават не разглядаем. Лічу, што ў 15-16 гадоў падлеткі не гатовы да самастойнага жыцця. Ды і нам, бацькам, толькі лішнія перажыванні.

 Аляксандр, Шуміліна:
– Мой сын вучыцца ў 9 класе, паспяховасць сярэдняя,   недзе 7-7,2, думаю, што з гэтымі баламі ён пройдзе ў 10 клас. Хацелася б прайсці на інжынерны профіль. Я хачу, каб сын быў побач.

ШТО  КАЖУЦЬ  ДЗЕЦІ

Ганна: Я скончыла Амбросавіцкую БШ, але пра паступленне нават і не думала. Яшчэ тады я ведала, што хачу стаць студэнткай ВНУ, таму прынцыпова пайшла ў 10 клас. Цяпер я вучаніца 11 класа СШ № 2. Арганізаваны падвоз, ніякіх перашкод, нават калі ты выпускнік невялікай сельскай школы, у цябе заўсёды ёсць выбар, і ў нашым раёне для гэтага створаны ўсе ўмовы!

 Андрэй: Планую паступаць у Віцебскі тэхналагічны каледж, дзе можна атрымаць як сярэднюю спецыяльную адукацыю, так і прафесійна-тэхнічную. Пакуль спыніўся на «Арганізацыі тэхнічнага сервісу», карацей кажучы, буду аўтамеханікам.

 Валерый: У 10 клас ісці не планую! Хачу быць электрагазазваршчыкам. На сённяшні дзень гэта адна з запатрабаваных спецыяльнасцей. Без работы не застануся! Паступаць буду ў Гарадок ці ў Улу.

 Дар’я: Пайду ў 10 клас, бо мару паступаць у медуніверсітэт, але ўсё пакажа 11 клас. Як варыянт, яшчэ разглядаю ВДУ імя П. М. Машэрава.

 Анжаліка: Я выпускніца сельскай базавай школы. Вырашыла паступаць. З дырэктарам школы падпісала мэтавы дагавор, чаму вельмі рада. У родную школу праз некалькі гадоў вярнуся ў якасці маладога спецыяліста.

МЕРКАВАННІ СПЕЦЫЯЛІСТАЎ

Вольга ДАРАФЕЕВА, галоўны спецыяліст аддзела па адукацыі райвыканкама:
– Адбор у 10 класы ажыццяўляецца на конкурснай аснове згодна з Правіламі прыёму (залічэння) асоб для атрымання агульнай сярэдняй адукацыі ў сярэдніх школах. Сярэдні бал пасведчання аб базавай адукацыі (атэстата) павінен быць не ніжэй за 7, і бал па вучэбных прадметах для вывучэння на павышаным узроўні таксама не ніжэй за 7.

У 2025 годзе ў раёне 9 класаў заканчваюць 164 навучэнцы. Кантрольныя лічбы прыёму складаюць 78 навучэнцаў. У 2025-2026 навучальным годзе плануецца адкрыццё профільных класаў (груп) педагагічнай накіраванасці ў СШ № 1, СШ № 2, Обальскай СШ, профільных класаў (груп) аграрнай накіраванасці – у СШ № 2, Кардонскай СШ, Мікіціхінскай СШ, у СШ № 1 будзе адкрыты клас інжынернай накіраванасці.

Паліна БАДРОВА, псіхолаг  сацыяльна-педагагічнага цэнтра:
– Узрост дзяцей 15-16 гадоў называецца старэйшым падлеткавым узростам. Дзеці ў гэтым узросце практычна сфармаваліся. У іх ёсць сваё меркаванне і свой густ. Яны гатовы весці абмеркаванне па любым пытанні, аргументавана даказваць сваю думку. Не апошняе месца ў іх жыцці займае вучоба і думкі аб паступленні. Падлетак заяўляе аб сабе, як аб дарослым чалавеку, але часам здзяйсняе дзіцячыя ўчынкі. Менавіта таму часта ў сваіх фантазіях і выказваннях падлетак апісвае больш рашучыя дзеянні, а ў рэальнасці саступае сітуацыі.

Перш чым прыняць рашэнне, вучню і бацькам важна паспрабаваць вызначыць прафесійныя мэты – чым выразней, тым лепш. І зразумець, якія патрабаванні прад’яўляюцца да абранай прафесіі. Варта ўлічваць ступень сацыялізацыі падлеткаў, бо не варта забываць, што ўсё дзеці розныя!

 Таццяна ВОЛКАВА, дырэктар Мікіціхінскай СШ:
– У выпускнікоў 9 класаў заўсёды ёсць выбар: паступаць у ССНУ альбо ісці ў 10 клас. У нашай школе прафарыентацыйную работу мы вядзём з 7 класа, каб у 9 класе вучні дакладна разумелі, чаго яны хочуць, правільна расстаўлялі прыярытэты. Арганізавана цеснае супрацоўніцтва па прафарыентацыі з Ульскім каледжам, педагогі і навучэнцы якога частыя госці ў нашай школе. У сваю чаргу мы таксама наведваем каледж, што дае дзецям магчымасць бліжэй пазнаёміцца са спецыяльнасцямі, матэрыяльна-тэхнічнай базай установы, умовамі пражыванні. Навучанне ў 10 класе нацэльвае на паступленне ў ВНУ. Паступленне выпускнікоў нашай школы ў ВНУ за апошнія два гады складае 100%. Вядома, гэта не можа не радаваць



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *