«В Левши хочется вернуться снова». В Шумилинском районе открылась новая агроусадьба

Мир увлечений Новости Общество Спорт, туризм

«У Ляўшы хочацца вярнуцца зноў!»

 А вы адпачывалі ў аграэкасядзібе Ляўшы, якая размешчана на беразе ракі Обаль? Калі не, то дарэмна. Тут ціха, утульна, камфортна. Мы нядаўна там пабывалі, адзначылі прыгажосць мясцін і асаблівую атмасферу.

Ляўшы сустракаюць спевам птушак, пахам свежаскошанай травы. Адчуваецца нешта роднае, прыемнае для сэрца. Гаспадыня Таццяна Дзмітрыева запрашае ў дом для турыстаў. Тут праведзена электраацяпленне, ёсць два спальныя пакоі (кожны на 2 чалавекі), яшчэ двое могуць размясціцца ў гасцінай. Створаны ўсе ўмовы для жылля: цёплая падлога, тэлевізар, бясплатны інтэрнэт, халадзільнік, мікрахвалевая печка, мульціварка, душавая кабіна, санвузел. На прасторнай верандзе за двума вялікімі сталамі могуць размясціцца 16 чалавек. Каля дома ўстаноўлены садовыя арэлі. Ёсць і дзіцячая зона (зроблена рукамі гаспадара Паўла Дзмітрыева) з драўляным домікам, пясочніцай, арэлямі, дзвюма пластыкавымі горкамі. З дадатковых бонусаў – пракат веласіпедаў і лазні. Для аматараў танцаў – музычная калонка.

Аграэкасядзіба афіцыйна адчыніла дзверы ў пачатку года. І першымі адпачываючымі стала пара закаханых з Віцебска – прыехалі сюды 14 лютага. Пасля наведваліся жыхары Мінска, Маладзечна, Барысава, Сянно, Магілёва, Полацка і Наваполацка, Санкт-Пецярбурга, а нядаўна гасцявала сямейная пара з Ноўгарада.

Пабывалі тут і жыхары раёна – з Мікіціхі, Обалі і Шуміліна. Многія наведвальнікі пакідалі свае добрыя водгукі ў інстаграм і на “куфары”, дзе размешчаны аб’явы пра агрэкасядзібу ў Ляўшах.

«Мы з сябрамі таксама там нядаўна адпачывалі, – расказала Наталля Каштанава з райцэнтра. – Гэта рай для душы: цішыня (побач няма суседзяў), камфорт (прадумана ўсё да дробязяў), птушкі, кастрышча, свежы ранак. А электрасвяцільнікі, усталяваныя па перыметры ўчастка, ствараюць вечарам казачную атмасферу. Смажылі шашлыкі, любаваліся рэчкай. У Ляўшы хочацца вярнуцца зноў!».

Гаспадары аграэкасядзібы прапануюць турыстам пакатацца на плыце па рацэ Обаль, пагуляць у валейбол ці футбол. У планах – купіць лодку, шэзлонгі, пабудаваць альтанку з зонай барбекю, зрабіць драўляны пірс, упрыгожыць веранду кветкамі і ўстанавіць канатны пераход праз ручай каля рэчкі. Усё – для турыстаў.

«Гасцей мы гатовы сустракаць круглы год і ствараць для іх усе ўмовы для адпачынку. Прыязджайце!» – шчыра запрасіла Таццяна Дзмітрыева.
Тэлефон для сувязі з гаспадыняй аграсядзібы «Ляўшы»: +375 33 613-68-39 Таццяна Сямёнаўна.

У ТЭМУ

У нашым раёне зарэгістраваны дзве аграэкасядзібы. Адна – у Ляўшах Обальскага сельсавета, другая – «Чароўнае возера» ў Лескавічах Светласельскага сельсавета.

 Хто можа заняцца гэтай справай?

«Дзейнасць па аказанні паслуг у сферы аграэкатурызму маюць права ажыццяўляць фізічныя асобы, якія вырошчваюць і (або) перапрацоўваюць сельскагаспадарчую прадукцыю на зямельных участках, прадастаўленых у сельскай мясцовасці ці малых гарадскіх населеных пунктах для будаўніцтва і абслугоўвання аднакватэрнага ці блакіраванага жылога дома або вядзення асабістай падсобнай гаспадаркі, – расказаў галоўны спецыяліст райвыканкама Дзяніс Пячко. – Таксама аграэкатурызмам могуць займацца сельскагаспадарчыя арганізацыі на зямельных участках, прадастаўленых для будаўніцтва і абслугоўвання жылога дома ці вядзення сельскай гаспадаркі.
Суб’екты аграэкатурызму могуць аказваць наступныя паслугі:
знаёміць з прыроднымі, сельскагаспадарчымі і архітэктурнымі аб’ектамі, нацыянальнымі традыцыямі;
прадастаўляць жылыя пакоі для пражывання;
забяспечваць аграэкатурыстаў харчаваннем з выкарыстаннем сельскагаспадарчай прадукцыі;
праводзіць юбілеі, прэзентацыі, банкеты;
аказваць паслугі лазняў, саун і душавых;
прадастаўляць транспартнае абслугоўванне і катанне на жывёлах (за выключэннем дзікіх) і гужавым транспарце;
праводзіць фізкультурна-аздараўленчыя і культурныя мерапрыемствы;
прадстаўляць інвентар для спорту і адпачынку».

Рэгістраваць аграэкасядзібу трэба ў службе “адно акно” райвыканкама. Тыя, хто займаецца ажыццяўленнем дзейнасці ў сферы аграэкатурызму, плацяць падатак на прафесійны даход у памеры 10% ад выручкі.

Ларыса ЗАЙЦАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *