В Шумилинском РОВД поздравили своих ветеранов с юбилеями

Закон Людзі і лёсы Общество

Адпрацавалі ў РАУС  больш як па чвэрць стагоддзя

 На мінулым тыдні кіраўніцтва РАУС і ветэранская арганізацыя аддзела віншавалі адразу дваіх юбіляраў – Аляксандра Шарафутдзінава (70-годдзе) і Канстанціна Попелава (60-годдзе). Яны абодва адпрацавалі ў РАУС больш як па чвэрць стагоддзя, даслужыліся да маёрскага звання, маюць нямала падзяк і грамат.

Аляксандра Шарафутдзінава пасля заканчэння Саратаўскай спецыяльнай школы міліцыі, дзе рыхтавалі работнікаў Дзяржаўтаінспекцыі, накіравалі ў Шуміліна. Быў старшым дзяржаўтаінспектарам, 13 гадоў узначальваў ДАІ. Яго кіраўніцтва супала з неспакойнымі 90-мі гадамі, калі на дарогах было горача. Дзяжурствы, рэйды, перакрыцці дарог, начныя змены… Начальніку ДАІ Сафаравічу (менавіта так яго называлі калегі, бо імя па бацьку рэдкае – ні з кім не пераблытаеш), як і ўсяму калектыву, прыходзілася быць гатовымі да самых непрадказальных сітуацый. Тут патрэбны былі вытрымка і сіла духу, прадбачлівасць і ўменне правільна размеркаваць пасты на аўтадарогах.

Часта разам з інспектарамі ДАІ прыходзілася дзяжурыць і Канстанціну Попелаву, за плячыма якога шэсць дзясяткаў гадоў. Родам з вёскі Спаскае, Канстанцін пасля тэрміновай ваеннай службы шукаў работу. Пайсці ў РАУС прапанаваў супрацоўнік аддзела і зямляк Аляксандр Шаціла. Спачатку Канстанцін Леанідавіч патруляваў вуліцы, ахоўваў па графіку дзяржустановы (раней не было сігналізацый), а потым працаваў інспектарам інспекцыі папраўчых работ – “кантраляваў крымінальны свет”. Пасля заканчэння Варонежскай школы міліцыі з дзясятак гадоў быў участковым інспектарам – адказваў за Дабейскі і Каўлякоўскі сельсаветы. Справу Канстанціна Попелава працягвае сын Віктар, які зараз з’яўляецца намеснікам начальніка інфармацыйнага цэнтра УУС Віцебскага аблвыканкама.

Абодва юбіляры РАУС зараз займаюцца грамадскай дзейнасцю. Канстанцін Попелаў – старэйшына вёскі Прыазёрная, Аляксандр Шарафутдзінаў узначальвае раённую арганізацыю ГА «Беларускае таварыства ратавання на вадзе».

Шмат цёплых і шчырых слоў юбілярам сказалі начальнік аддзела Леанід Навіцкі, старшыня ветэранскай арганізацыі РАУС Юрый Арлоў, старшыня раённай арганізацыі «Выратавальнік» Мікалай Жукаў, калегі і сябры.

Ларыса ЗАЙЦАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *