Першы ўкос стартаваў!
Першым укосам, які стартаваў на мінулым тыдні, у раёне трэба скасіць 9500 гектараў травы, расказаў начальнік райсельгасхарчу Уладзімір Пушноў. Першымі да работы прыступілі механізатары КУСГП «Сіроцінскі» і «Ульскі».
На днях мы пабывалі ва ўрочышчы Філіпенкі, дзе вялася корманарыхтоўка. На МТЗ з касілкай працаваў механізатар КУСГП «Сіроцінскі» Віктар Пятроў. Трава роўнымі пракосамі клалася на зямлю – на полі стаяў непаўторны пах сенажаці. Зрабіўшы чарговы круг, механізатар прыпыніўся. «Працую на касьбе гадоў дваццаць, – расказаў Віктар Пятроў. – Шырыня захопу касілкі, з якой працую, – тры метры. За дзень здольны скасіць да дзесяці гектараў, а то і больш. У параўнанні з мінулымі гадамі травы сёлета слабаватыя. Не выраслі, бо вясной не было дажджоў, глеба перасохла. Негатыўны ўплыў аказалі і перапады тэмпературы, і начныя замаразкі».
Скошаную траву з Філіпенак возяць для падкормкі цялят у Слабаду і Сіроціна. Сянажную траншэю будуць закладваць у Слабадзе. Па плане першага ўкосу ў «Сіроцінскім» трэба скасіць 1380 гектараў травы.
Ларыса ЗАЙЦАВА.

