Першую траншэю з сенажом закладваюць у «АграБаравінцы»
У ААТ «АграБаравінка» поўным ходам ідзе касавіца. І хаця гаспадарка не першай у раёне прыступіла да нарыхтоўкі кармоў, у раённай зводцы яна ў лідарах. На раніцу 5 чэрвеня тут скошана 360 гектараў травы, нарыхтавана 585 тон сенажу.
Карэспандэнт раённай газеты пабывала на днях на палетках паміж Мазекамі і Язвінам. Тут вяліся работы на трох участках комплексна: з касілкамі працавалі мясцовыя механізатары Міхаіл Канстанцінаў і Вячаслаў Дубінін, з КУСГП «Ульскі» дапамагалі касіць Васіль Аглушэвіч і Аляксандр Кляцкоў. З новымі васьмімятровымі граблямі (іх закупілі летась) да паўсотні гектараў за дзень зграбае Віктар Вясна. Следам ідзе КВК, якім кіруе Сяргей Гоманаў, падбірае і здрабняе зялёную масу.
На полі мы сустрэлі старшыню райвыканкама Сяргея Галынчыка. Як толькі пачалася корманарыхтоўка, ён кожны дзень на палетках сельгасарганізацый раёна. Лепш на свае вочы паглядзець і пракантраляваць, як арганізаваны работы, як ідзе тэхніка. Да таго ж, важна падтрымаць механізатараў, падзякаваць за работу.
Кіраўнік раёна патлумачыў, што пасля моцных дажджоў не ва ўсіх гаспадарках і не на ўсе палеткі ёсць магчымасць выехаць працаваць. Таму механізатары КУСГП «Ульскі» дапамагаюць «АграБаравінцы» на касавіцы, механізатар КУСГП «Сіроцінскі» – на трамбоўцы. Талакой лягчэй справіцца і закласці траншэю ў патрэбныя тэрміны. Дарэчы, у «АграБаравінцы» закладваюць траншэю на дзве тысячы тон першую ў раёне. Яна знаходзіцца каля жывёлагадоўчага комплексу, а трамбоўка ідзе тут днём і ноччу.
«Зараз самы час для кашэння траў: злакавыя знаходзяцца ў фазе выхаду ў трубку, а канюшына – у фазе бутанізацыі, – дадаў дырэктар ААТ «АграБаравінка» Яўген Мурашка. – Першым укосам трэба скасіць 1300 гектараў. Чатырма косамі за дзень спраўляемся з сотняй гектараў. Самы важкі травастой на палетках у Язвіне, дзе ў мінулым годзе пасеялі злакавыя і канюшыну. Не будзем загадваць, але пры спрыяльным надвор’і і бесперабойнай рабоце тэхнікі з першым укосам рэальна
справіцца за два тыдні».
КАМЕНТАРЫЙ СПЕЦЫЯЛІСТА
Галоўны дзяржаўны інспектар па наглядзе за тэхнічным станам машын і абсталявання Яўген Дзятлоўскі:
– У разгар касавіцы ў сельгасарганізацыях раёна будзе працаваць 11 кормаўборачных камбайнаў, 28 трактарных касілак, 15 граблей, 13 прэс-падборшчыкаў. У СУП «Лаўжанскае» будзе задзейнічаны адзін камбінаваны прэс-падборшчык з абмоткай рулонаў у сеткі і ўпакоўкай у плёнку.
На адвозцы зялёнай масы працуюць 38 трактароў з прычэпамі. Тэхнікі дастаткова, каб скасіць 9500 гектараў травы першым укосам, нарыхтаваць
49500 тон сенажу.
Ларыса ЗАЙЦАВА.

