Лепшую даярку вызначыў конкурс прафмайстэрства, які быў арганізаваны райкамам прафсаюза работнікаў АПК, спецыялістамі райсельгасхарчу і работнікамі раённага цэнтра культуры.
Усіх прысутных на мерапрыемстве прывітала старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Вольга Пусянкова. «Работа аператараў машыннага даення – гэта аснова сельскай гаспадаркі, бо менавіта ад малака можна круглы год атрымліваць грошы, адзначыла Вольга Іванаўна. – У раёне многа старанных даярак, і сёння яны прыехалі, каб падзяліцца сваім вопытам ці пераняць іх у іншых. Жадаю ўсім поспехаў, няхай конкурс вызначыць лепшых».
Раённы конкурс «Лепшы аператар машыннага даення-2025», які ў раёне стартаваў летась, праходзіў ва ўрочышчы Латкова СУП «Лаўжанскае». Сюды прыехалі 15 даярак з розных сельгаспрадпрыемстваў раёна, строгае журы, госці і балельшчыкі.
Аператары машыннага даення паказвалі свае ўменні і спрыт у тэарэтычным конкурсе і даенні кароў. Трэба было ведаць пра рэфлекс аддачы малака, фактары, якія садзейнічаюць хуткаму і поўнаму выдойванню, чаму не варта ператрымліваць даільныя апараты на вымю, на які дзень пасля ацёлу трэба правяраць жывёлу на мастыт і многае іншае. Аператары машыннага даення збіралі і разбіралі даільны апарат, прычым зрабіць гэта трэба было хутка – на час. І многія, трэба адзначыць, укладваліся ў адведзеныя хвіліны. Хаця ў некаторых парушалася паслядоўнасць зборкі, рабілі заўвагі члены журы.
Як і ў кожным конкурсе, былі вызначаны лепшыя. Пераможцам конкурсу стала Наталля Міронава з СУП «Лаўжанскае». Другое месца – у Таццяны Марцінкевіч з КУСП «Ульскі», трэцяе – у Наталлі Чаранок з СФГ «Раднік». Была ўзнагароджаны і самая вопытная даярка (пераможца Наталля Міронава), і самая маладая (Юлія Пясецкая з ААТ «Прыазёрны мір»). Усе ўдзельнікі конкурсу атрымалі прызы і падарункі ад райкама прафсаюза работнікаў АПК і спонсара мерапрыемства – Верхнядзвінскага масласырзавода.
Пазітыўнага настрою падчас мерапрыемства надалі вясёлыя песні работнікаў раённага цэнтра культуры. Усе ўдзельнікі выказвалі шчыры дзякуй поварам СУП «Лаўжанскае» за смачныя булачкі і гарбату, якія былі дастаўлены на поле.
Ларыса ЗАЙЦАВА.

















