Всё началось с нескольких капель воды…

Происшествия

Усё пачалося з кропель вады

Изображение носит иллюстративный характер.

Часам у следчых сустракаюцца такія крымінальныя справы, што нават не верыцца, што злачынства здзейснілі дарослыя людзі, а не першакласнікі, а іх матывы проста немагчыма растлумачыць… Нядаўна Шумілінскім раённым аддзелам Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь узбуджана крымінальная справа па факце нанясення лёгкіх цялесных пашкоджанняў. Згодна з заканадаўствам абвінавачаны можа пазбавіцца волі тэрмінам да трох год.

Гэта крымінальная гісторыя пачалася вечарам на адным з шумілінскіх прадпрыемстваў, расказала следчы райаддзела Людміла Данілава. Рабочыя пасля змены пайшлі мыць абсталяванне. На Юлію (імёны зменены па этычных меркаваннях), якой крыху больш за 40 год, трапілі кроплі вады – гэта Аляксей (яму крыху менш чым 40 год) побач мыў абсталяванне. Жанчына загадным тонам сказала мужчыну, каб не пырскаўся. «Я не спецыяльна», – адказаў той і з жартам дадаў: «А магу і ўсё вядро на цябе выліць!». У адказ мужчына пачуў, што Юлія раскажа ўсё мужу. Здаецца, канфлікт быў вырашаны.

Але ж праз некалькі дзён Яўген, муж Юліі, падвозіў жонку на работу. І раптам на дарозе ўбачылі Аляксея. І тут Яўген успомніў, што Юлія неяк скардзілася на Аляксея. Як расказалі сведкі здарэння, было дзіўна назіраць, як з машыны з крыкамі выскачыў Яўген і спрабаваў нешта даказаць. Аляксей у даўгу не застаўся: адказаў адборнымі мацюкамі. А Юлія тым часам спакойна назірала за нецэнзурнай лаянкай мужчын. Неўзабаве ў ход пайшлі кулакі. Прахожыя мужчыны, якія спяшаліся на работу, разнялі «байцоў».

Вынік бойкі – зламаная сківіца ў Яўгена і ўзбуджэнне крымінальнай справы ў адносінах да Аляксея.

Зараз следства высвятляе падрабязнасці. Ні Юлія, ні Аляксей, ні Яўген не могуць растлумачыць сутнасць канфлікту. Як сказаў Яўген, дзіцячы сад, ды і толькі… І дадаць да гэтых слоў няма нічога.

Аляксандр ШЭДЗЬКО

 



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *