Новыя рубяжы «Белай Русі»
У адной з буйнейшых у раёне грамадскіх арганізацый «Белая Русь» (18 пярвічак аб’ядноўваюць 523 чалавекі) прайшла VI справаздачнавыбарная канферэнцыя, на якой былі падведзены вынікі работы за 2022-2025 гады, вызначаны задачы на бліжэйшы час.
Выступаючы са справаздачай, старшыня раённай арганізацыі намеснік старшыні райвыканкама Ірына Шалахава падкрэсліла: “Наша стратэгічная мэта – спрыяць палітыцы зяржавы, накіраванай на захаванне адзінства і незалежнасці краіны, умацаванне, згуртаванне грамадства, рэалізацыю сіл і здольнасцей кожнага чалавека, захаванне каштоўнасцей і традыцый”. Рэалізуючы мэты, арганізацыя працуе над павышэннем палітычнай культуры грамадзян. Члены “Белай Русі” актыўна ўдзельнічалі ва ўсіх электаральных кампаніях, абраны дэпутатамі мясцовых Саветаў дэпутатаў, а Наталля Сцержанкова абрана дэлегатам Усебеларускага народнага сходу ад грамадскага аб’яднання. Сёлета раённая грамадская арганізацыя стала ініцыятарам правядзення Форуму грамадскіх арганізацый і палітычных партый раёна. Эфектыўнай формай работы з’яўляюцца дыялогавыя пляцоўкі па актуальных тэмах грамадскага жыцця.
Раённая арганізацыя РГА “Белая Русь” падтрымлівае грамадзянскія ініцыятывы, накіраваныя на развіццё краіны і рэгіёна, з’яўляецца ініцыятарам і актыўным удзельнікам патрыятычных акцый. Сёлета па ініцыятыве арганізацыі разам з арганізацыяй Беларускага саюза жанчын да 80-годдзя Перамогі была праведзена акцыя “Палатно Перамогі”. Візітоўкай раённай арганізацыі стаў аўтапрабег Шуміліна-Корна. Арганізацыя падтрымлівае і праводзіць мерапрыемствы, накіраваныя на папулярызацыю здаровага ладу жыцця, спартыўныя спаборніцтвы. “Белая Русь” удзельнічае ў міжнародных мерапрыемствах, накіраваных на ўмацаванне міжнародных сувязей, стварэнне станоўчага іміджу Беларусі.
«Наша місія — аб’яднаць людзей для дасягнення стваральных мэт. Толькі разам мы зможам адказаць на маштабныя выклікі сучаснасці і упэўнена рухацца наперад!» – завяршыла выступленне лідар арганізацыі Ірына Шалахава.
Кіраўнік раённага аддзялення Беларускай партыі “Белая Русь” Вольга Галынчык расказала аб сумеснай дзейнасці раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання і партыі па правядзенні патрыятычных мерапрыемстваў.
Дэлегатамі на абласную канферэнцыю РГА “Белая Русь” абраны Ірына Шалахава, Мікалай Будневіч, Аксана Талстая, Наталля Сцержанкова і Вольга Шаўнёва.
На першым пасяджэнні савета арганізацыі абраны прэзідыум савета, кіраўніком раённай арганізацыі пераабрана Ірына Шалахава.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
СЛОВА – ДЭЛЕГАТАМ КАНФЕРЭНЦЫІ
Наталля СЦЕРЖАНКОВА: Уступленне ў “Белую Русь адкрыла для мяне шырокае кола зносін. Калі раней была больш занятая прафесійнымі справамі, то грамадская дзейнасць дазволіла ўдзельнічаць у шматлікіх грамадскіх і палітычных справах, акцыях, дыялогавых пляцоўках, паездках. Дзякуючы ўдзелу ў грамадскай арганізацыі я стала дэлегатам Усебеларускага народнага сходу – вышэйшага органа народаўладдзя краіны, удзельнічаю ў прыняцці агульнадзяржаўных рашэнняў, якія ўплываюць на развіццё краіны.
Святлана ІВАНОВА: Работа ў грамадскай арганізацыі адкрывае новыя магчымасці для кожнага чалавека: правядзенне мерапрыемстваў, знаёмства з новымі людзьмі. Прыемна, а першы раз і нечакана, атрымліваць віншавальныя паштоўкі ад грамадскай арганізацыі, членам якой ты з’яўляешся. Гэта адна з акцый, якую праводзіць арганізацыя для людзей. За кошт членскіх узносаў аказваецца дапамога дзецям, мнагадзетным сем’ям, установам адукацыі, праводзяцца масавыя мерапрыемствы. Арганізацыя з’яўляецца сацыяльным ліфтам, бо дазваляе заўважаць актыўных, творчых людзей і вылучаць іх на пэўныя пасады.


