Тэхніка, людзі, рэсурсы
Зусім мала засталося да пачатку адной з самых адказных сельскагаспадарчых кампаній – уборкі ўраджаю. У гаспадарках раёна зараз актыўна займаюцца падрыхтоўкай тэхнікі.
Вядзецца работа і ў СФГ «Раднік». Нягледзячы на тое, што яшчэ поўным ходам ідзе нарыхтоўка кармоў, бо ўсталявалася спрыяльнае надвор’е, камбайнеры не забываюць рыхтавацца да жніва. За рамонтам КЗС-10 мы заспелі на мехдвары механізатара Леаніда Кавалеўскага. «Працую на камбайне восем гадоў, – расказаў Леанід. – Ведаю, дзе, што і як трэба адрамантаваць. Давёў да ладу поршневую сістэму ў рухавіку, памяняў тры рэшаты, адрамантаваў жняярку, памяняю элеватары і падшыпнікі – і за работу». Уборкі чакае тысяча гектараў зерневых і зернебабовых. А яшчэ трэба будзе ўбіраць на насенне баркун, іншыя травы.
Па словах галоўнага агранома «Радніка» Андрэя Гушчы, падчас жніва на палетках будуць працаваць тры камбайны. За штурвал сядуць Леанід Кавалеўскі, Валерый Шэдзько і Сяргей Лабейка. Усе механізатары вопытныя, адказныя. Так што з уборачнай мяркуюць справіцца сваімі сіламі.
У тэму
Раман Прасветаў, першы намеснік начальніка райсельгасхарчу:
– На палетках раёне трэба ўбраць 10837 гектараў зерневых і зернебабовых, 2117 гектараў азімага і яравога рапсу, 134 гектараў свірэпіцы. На жніве будзе задзейнічана 25 камбайнаў (два новыя – у ААТ “Прыазёрны мір” і ААТ “АграБаравінка”), на адвозцы – больш за паўсотню адзінак тэхнікі. На дапрацоўцы зерня будуць працаваць чатыры зернесушыльныя комплексы і столькі ж зернесушылак.
Для таго, каб жніво прайшло без прастояў, у сельгасарганізацыях ствараюць запас змазачных матэрыялаў, неабходных запчастак для рамонту камбайнаў. На гэтыя мэты з раённага бюджэту выдзелена 50 тысяч рублёў. Зараз поўным ходам ідзе падрыхтоўка тэхнікі, складоў і працоўных рэсурсаў.
Для жніва важныя тэмпы. Таму на ўборачнай будуць дапамагаць шэфы, работнікі розных прадпрыемстваў і арганізацый. Прыедуць на сваім транспарце 22 механізатары і вадзіцелі (у тым ліку 6 з іх – з арганізацый Віцебска), 15 чалавек будуць адкамандзіраваны, каб сесці на трактары, камбайны сельгасарганізацый ці працаваць аператарамі зернесушыльных комплексаў. Пачынаць уборачную мяркуем з азімай свірэпіцы, якая ўжо на падыходзе. Калі надвор’е не падвядзе, жніво стартуе праз тыдзень.
Ларыса ЗАЙЦАВА.

