«Ваш будынак замініраваны»
Гэта не кіно, а рэальнасць: у адну з устаноў раёна на электронную пошту прыйшло паведамленне, што чалавек (з указаннем прозвішча і імя) замініраваў будынак трыма гексагенавымі бомбамі.
Кіраўніцтва ўстановы паспытала шок пасля прачытання такога паслання. Тут жа звярнуліся ў РАУС. Міліцыянеры абследавалі будынкі і памяшканні ўстановы, каб ўпэўніцца ў адсутнасці выбуховых устройстваў. Потым пачалі расследаванне.
«Мы адразу западозрылі, што гэта свацінг – форма кіберзлачыннасці, пры якой асобы паведамляюць у праваахоўныя органы несапраўдную інфармацыю аб пагрозе, каб справакаваць прыезд міліцыі, – кажа оперупаўнаважаны крымінальнага вышуку РАУС Максім Васільеў. – Свацінг мае на мэце наўмысны шантаж і запужванне чалавека, увядзенне ў падман супрацоўнікаў праваахоўных органаў падчас ілжывага выкліку».
Супрацоўнікі РАУС пачалі правяраць жыхароў райцэнтра з прозвішчам, указаным на электроннай пошце. І знайшлі супадзенне ў 14-гадовага жыхара Шуміліна. Далей – апытанні сведкаў і сяброў, і “клубок” быў разблытаны. Аказалася, што 14-гадовы Дзіма сябраваў з дзяўчынай Насцяй з Віцебска (імёны зменены па этычных меркаваннях), па нейкіх прычынах яны паспрачаліся, і справа дайшла да канфлікту. Пра яго Насця расказала 12-гадовай сяброўцы Дзіяне. Маючы доступ да аднаго з тэлеграм-каналаў, дзе зарэгістраваны людзі, якія захапляюцца камп’ютарнымі тэхналогіямі, яна скінула туды кантакты Дзімы і папрасіла яму адпомсціць. З хлопцам у перапіску ўступіў невядомы, які прапанаваў два варыянты: “Ці ты просіш прабачэнне ў дзяўчыны, ці я цябе “сватну”.
Дзіма не ўспрыняў усур’ёз гэтыя пагрозы, прабачэння не папрасіў. А праз некаторы час з “левых” паштовых скрынь ва ўстанову райцэнтра прыйшло паведамленне, што ён замініраваў будынак. Выканаўца лжывага паведамлення пра мініраванне не ўстаноўлены. Супраць Дзіяны не ўзбуджана крымінальная справа, паколькі яна не дасягнула 14-гадовага ўзросту. З ёй па месцы жыхарства будзе праводзіцца індывідуальна-прафілактычная работа супрацоўнікамі інспекцыі па справах непаўналетніх.
«Па факце паведамлення аб несапраўдным мініраванні будынка ўзбуджана крымінальная справа па арт. 340 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь “Заведама лжывае паведамленне аб небяспецы”, – кажа Максім Васільеў. – Максімальнае пакаранне па гэтым артыкуле – пазбаўленне волі да пяці гадоў. За тыя ж дзеянні, здзейсненыя паўторна або групай асоб па папярэдняй дамоўленасці або якія прывялі да прычынення ўрону ў буйным памеры, пагражае пазбаўленне волі ад трох да сямі гадоў.
Людміла ЗУЙКОВА.


