Што будзе з крэдытам пасля скасавання шлюбу?
Ірына скасоўвае шлюб з мужам. Калі былі ў шлюбе, узялі даволі вялікую суму крэдыту на спажывецкія тавары. Крэдыт пайшоў на патрэбы сям’і. «Які лёс банкаўскай пазыкі пасля скасавання шлюбу?», – пытаецца Ірына.
На пытанне адказвае адвакат юрыдычнай кансультацыі Шумілінскага раёна Наталля СІНКЕВІЧ:
– Згодна з ч. 1 арт. 23 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб шлюбе і сям’і маёмасць, якую нажылі муж і жонка ў перыяд шлюбу, незалежна ад таго, на каго яна набыта ці кім унесены грашовыя сродкі, з’яўляецца іх агульнай сумеснай уласнасцю. Падкрэсліваю, што муж і жонка маюць роўныя правы валодання, карыстання і распараджэнні гэтай маёмасцю, калі іншае не прадугледжана Шлюбным дагаворам.
Ч. 5 арт. 24 Кодэкса прадугледжвае, што пры падзеле маёмасці судом улічваюцца таксама агульныя даўгі мужа і жонкі, якія ўзніклі ў інтарэсах сям’і. Калі судом будзе ўстаноўлена, што крэдыт выкарыстоўваўся на патрэбы сям’і, то даўгі па абавязацельствах аднаго з іх будуць сумеснай уласнасцю.
Такім чынам, калі крэдыт на спажывецкія патрэбы браўся Ірынай ці яе мужам падчас шлюбу і выкарыстоўваўся ў інтарэсах сям’і, то абавязак па крэдыце будзе прызнаны агульным доўгам мужа і жонкі і будзе ўлічаны судом пры падзеле маёмасці. Звяртаю таксама ўвагу на тое, што да моманту скасавання шлюбу муж і жонка маюць права заключыць Шлюбны дагавор і адысці ад агульнага парадку падзелу сумесна нажытай маёмасці, вызначыўшы ў тым ліку парадак выплаты даўгоў аднаго з іх пасля скасавання шлюбу.
Аляксандр ШЭДЗЬКО

