Железную свадьбу отпраздновали жители деревни Залужье в Шумилинском районе

Людзі і лёсы Общество Семья

65 гадоў разам па жыцці

А вы ведаеце, калі святкуюць жалезнае вяселле? Каб яго дачакацца, сямейнай пары трэба пражыць разам ажно 65 гадоў. Жалеза з’яўляецца сімвалам цвёрдасці і даўгавечнасці. Такі і шлюб, як і сам метал. Не кожнаму выпадае дажыць разам да такой даты. Ганне Ігнатаўне і Фірсу Карнеевічу Шніпавым з вёскі Залужжа Лаўжанскага сельсавета пашчасціла адзначыць вяселле 2 жніўня ў кругу родных і сяброў.

“Маладая пара” ўступіла ў шлюб, калі нявесце было 19, а жаніху – 20 гадоў. Абодва з вёскі Залужжа, працавалі ў мясцовым саўгасе імя Кароткіна. Калі паведамілі бацькам, што хочуць пабрацца шлюбам, бацькі з абодвух бакоў былі супраць. Але маладыя настаялі на сваім, бо моцна кахалі адзін аднаго. 2 жніўня 1960 года адпрацавалі паўдня ў саўгасе і падаліся пешшу ў Лаўжанскі сельвыканкам зарэгістраваць шлюб. Ніякіх вясельных сукенак і касцюмаў з гальштукам не было. Жылі ў вёсцы небагата не маглі дазволіць сабе такую раскошу, як вясельны ўбор. У нявесты – паркалёвая сукенка ў кветачкі, у жаніха – звычайная кашуля. Маладых распісалі адразу – раней не трэба было загадзя падаваць заяву. На наступны дзень бацькі Ганны з нагоды шлюбу дачкі зрабілі святочны стол, за якім было з дзясятак родзічаў.

І ў наваспечанай сям’і Шніпавых пачалося сямейнае жыццё. Спачатку жылі ў бацькоў, потым набылі маленькую хатку і сталі жыць самастойна. Ганна разам з іншымі жанчынамі жыта жала сярпамі на саўгасных палетках, працавала памочнікам брыгадзіра, а потым даяркай. А Фірс усё жыццё рупіўся на трактары – апрацоўваў палеткі, араў і сеяў. На дваіх ветэраны працы сельскай гаспадаркі маюць 80 гадоў працоўнага стажу.

Калі дачцэ Тонечцы было паўтара годзіка, Фірса Карнеевіча прызвалі ў армію, дзе праслужыў тры гады. Ганна спраўлялася адна – на работу хадзіла, дачку гадавала, трымала некалькі свіней. Потым жыўнасць здавала на мясакамбінат – такім чынам за тры гады назбірала ладную капейку. Грошай хапіла, каб купіць хату і перавезці яе ў Залужжа. Так у сям’і з’явіўся прасторны дом. І неўзабаве тут зазвінелі яшчэ дзіцячыя галасы – нарадзіліся сыны Сяргей і Аляксандр.

Усё жыццё Шніпавых прайшло ў рабоце і клопатах. Заўсёды трымалі вялікую дамашнюю гаспадарку (было па дзве каровы, статак авечак), выхоўвалі і вучылі дзяцей, радаваліся нараджэнню пецярых унукаў. А сёння маюць столькі ж праўнукаў.

 «Мы і не ведалі, што дажылі да жалезнага вяселля, – прызналася Ганна Ігнатаўна. – Лічым гэта шчасцем, падарункам лёсу і ўсявышняга. Дзецям заўсёды раім не спрачацца і не сварыцца па пустому, саступаць адзін аднаму, жыць дружна».

Калі раней сямейная пара была больш спрытная, з маладым імпэтам і энергіяй, то зараз ёсць мудрасць, жыццёвы вопыт і разважлівасць, якія перадаюць дзецям і ўнукам.

 «Каб многа пражыць разам, трэба рана ажаніцца, – усміхацца Фірс Карнеевіч. – Сям’я – гэта не толькі святы і радасці, гэта і работа, і праблемы. І перад імі не трэба апускаць рукі, не трэба баяцца. Варта быць разам».

Лідзія РУМЯНЦАВА.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *