Пытанні ЖКГ і добраўпарадкавання. Старшыня райсавета дэпутатаў правёў «прамую лінію» з жыхарамі раёна
Пяць зваротаў паступіла на «прамую лінію» да старшыні раённага Савета дэпутатаў Мікалая Будневіча ў аўторак, 5 жніўня. Пытанні тычыліся сферы жыллёва-камунальнай гаспадаркі, добраўпарадкавання.
Жыхароў г.п. Обаль, якія пражываюць ў доме па вуліцы Давыдавай, вельмі непакоіць сітуацыя з падтапленнем падвала пасля дажджоў. З просьбай пасадзейнічаць у вырашэнні пытання яны і звярнуліся на «прамую лінію» да старшыні райсавета.
Зноў праблемы з пітной вадой у Дабеі, паведаміў жыхар населенага пункта. Мужчына дадаў, што пытанне гэта перыядычна ўзнікае ў дабейцаў, «Водаканал» рэагуе на звароты на службу 115, прыязджае, нешта робіць, а праз пэўны час вада зноў цячэ з кранаў са шматкамі. Санітарная служба таксама рэгулярна робіць аналізы і пацвярджае, што часта вада не адпавядае нарматывам. І так круг за кругам…
Два звароты паступілі па абрэзцы кустоў і выдаленні аварыйных дрэў. Прасілі абрэзаць куст бэзу жыхары пяціпавярхоўкі дома па вуліцы Кароткіна. Куст так разросся, што з-за яго не бачна транспарту, які ўязджае на двор. ЖКГ запланавала правесці работы ў кастрычніку, паведаміў учора рэдакцыі М. А. Будневіч. Жыхарка Віцебска нагадала пра ранейшую просьбу выдаліць тры аварыйныя дрэвы на могілках у Пушчы. Мікалай Аляксеевіч растлумачыў заяўніцы, што для выдалення неабходныя працэдуры пройдзены, да 1 верасня дрэвы будуць знесены.
Жыхары вёскі Грудзінава звярнуліся з просьбай пасадзейнічаць у вырашэнні пытання з аплатай за рамонт даху двухпавярхоўкі шляхам растэрміноўкі. Безумоўна, гэта зона адказнасці УП ЖКГ, і толькі яны будуць прымаць рашэнне аб прадастаўленні растэрміноўкі. Зварот для вывучэння накіраваны кіраўніцтву УП ЖКГ.
Па ўсіх пытаннях, якія паступілі на «прамую лінію», вызначаны адказныя службы і тэрміны для вырашэння. З вынікамі праведзенай работы заяўнікі будуць азнаёмлены. Вырашэнне зваротаў знаходзіцца на асабістым кантролі старшыні райсавета.
Алена КАРПУШЭНКА.

