І зноў нічыя
У нядзелю, 10 жніўня, ФК «Шуміліна» правёў чарговы матч тура другога круга рэгіянальнага этапа чэмпіянату Беларусі па футболе сярод мужчынскіх каманд другой лігі: дома прымаў ФК «Шаркоўшчына».
Госці адразу прыхапілі ініцыятыву на полі, толькі вось небяспечных момантаў каля шумілінскіх варот не стварылі. Шумілінцы паціху прызвычаіліся і пачалі дамініраваць на полі. Адзін галявы момант, другі, трэці… Але мяч упарта не ляцеў у вароты. Напрыканцы тайма спрацавала правіла «не забіваеш ты, забіваюць табе»: «Шаркоўшчына» павяла ў ліку. 0:1 – такія лічбы паказала электроннае табло, якое нарэшце з’явілася на гарадскім стадыёне.
Другі тайм зноў пачаўся з гасцявога прэсінгу. Але да сапраўднай вастрыні ў нашых варот не даходзіла. «Шуміліна» перахапіла ініцыятыву і зноў пачала ствараць галявыя моманты. І вось Артур Якаўлеў зраўнівае лік. Нашы футбалісты ірвуцца наперад, ствараючы момант за момантам. Але футбольная ўдача поўнасцю адвярнулася ад шумілінскіх футбалістаў: мяч ну ніяк не ляціць у вароты. НА шчасце для заўзятараў, якіх багата сабралася на стадыёне, у другім тайме не спрацавала футбольнае правіла, хаця госці і стварылі на апошніх хвілінах сустрэчы вельмі небяспечны момант.
Першы фінальны лік, які зафіксавала электроннае табло, – 1:1.
У другой сустрэчы ў групе «Партызан» (Ушачы) у гасцях з лікам 0: 6 разграміў «Дрывяціч» (Браслаў).
У гэтым сезоне ФК «Шуміліна» правядзе яшчэ дзве сустрэчы: у гасцях у Докшыцах супраць мясцовай каманды і дома супраць бешанковіцкай «Дзвіны».
Аляксандр ШЭДЗЬКО.

