Грибникам, ягодникам и любителям лесных прогулок: что надо знать, собираясь в лес

Безопасность Мир увлечений Общество

Аматарам ціхага палявання:  пра што варта ведаць, збіраючыся ў лес

 З пачатку года ў лясах Віцебшчыны згубіліся 22 чалавекі,  з іх 4 дзяцей.

Адпраўляючыся ў лес за грыбамі і ягадамі, ці проста на прагулку, людзі часта так захапляюцца, што незаўважна для сябе губляюць знаёмыя арыенціры і самастойна выйсці з ляснога масіву ўжо не могуць.

Пра што варта памятаць, адпраўляючыся ў лес?

  1. Перш за ўсё неабходна даведацца прагноз надвор’я і ўлічваць час сутак. Не сакрэт, што ў лесе цямнее вельмі хутка, таму плануйце выхад у лес у першай палове дня.
  2. Для збору грыбоў і ягад, ці проста прагулак, выбірайце добра знаёмыя месцы і прытрымлівайцеся межаў вядомай вам мясцовасці ў лесе.
  3. Абавязкова паведаміце сваякам, сябрам ці знаёмым аб сваім паходзе ў лес, меркаваным маршруце і часе вяртання. Папярэджвайце іх, калі вашы планы або маршруты змяняюцца.
  4. Сур’ёзна варта паставіцца да выбару адзення: апранайце зручную, непрамакальную вопратку і абутак, аддаючы перавагу рэчам яркіх колераў.
  5. Абавязкова вазьміце з сабой зараджаны тэлефон, ваду, невялікі запас ежы, лекі, нож і запалкі.

 Што рабіць, калі вы ўсё ж заблукалі ў лесе?

Супакойцеся, не панікуйце і паспрабуйце сарыентавацца на мясцовасці. Прыслухайцеся да гукаў – брэх сабак, гук аўтамабільнага і чыгуначнага транспарту, сірэны – гэта ўсё вельмі важныя арыенціры.

Галоўнае для вас – выйсці да людзей, таму яшчэ адным важным маяком будуць лініі электраперадачы, прасекі і сцяжынкі. Выявіўшы любы з гэтых аб’ектаў, ідзіце ўздоўж яго, – і вы абавязкова знойдзеце людзей.

Набярыце нумар службы ратавання 101 або 112 і паведаміце, з якога населенага пункта вы адправіліся ў лес, у якім кірунку рухаліся і апішыце, што бачыце вакол, па магчымасці адпраўце свае каардынаты.

Калі да цемры адшукаць шлях да дому не атрымалася, то вам неабходна паклапаціцца пра начлег, бо перасоўвацца па начным лесе досыць небяспечна.

Уладкуйце месца для адпачынку, развядзіце вогнішча і чакайце дапамогу. Пры развядзенні вогнішча ў лесе выконвайце асаблівую асцярожнасць і правілы пажарнай бяспекі. Неабходна выбраць бяспечнае месца, ачысціць яго ад сухой травы, лістоты і іншых гаручых матэрыялаў, а таксама мець пад рукой сродкі для тушэння агню. Важна памятаць, што разводзіць вогнішча можна ўдалечыні ад дрэў, кустоў і сухой расліннасці. Пасля выкарыстання вогнішча неабходна старанна патушыць і пераканацца, што агонь цалкам пагашаны.

Памятайце: выконваючы правілы бяспекі, вы зробіце сваё знаходжанне ў лесе бяспечным і максімальна камфортным.

Вадзім ПІВАВАРАЎ, інспектар РАНС



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *