Какие вопросы заботят жителей Ловжанского сельсовета, выяснилось на встречах в рамках дня работы с населением

Власть Новости Общество

Гандаль, медыцына, транспарт – што хвалюе вяскоўцаў

На встрече в д. Добрино

 У пачатку тыдня Дзень работы з насельніцтвам прайшоў у буйнейшым сельсавеце раёна – Лаўжанскім. Рабочая група на чале з намеснікам старшыні райвыканкама Ірынай Шалахавай правяла сустрэчы ў буйнейшых населеных пунктах сельсавета.

Члены рабочай групы – дырэктар тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Таццяна Донюш, кіраўнік ДРБУ № 204 Уладзімір Раманаў, намеснік дырэктара УП ЖКГ Аляксандр Левіт – расказвалі пра работу сваіх арганізацый і паслугі, якія яны аказваюць, адказвалі па пытанні вяскоўцаў. Намеснік начальніка аддзела землеўпарадкавання райвыканкама Ульяна Лях нагадвала пра неабходнасць навядзення парадку ў населеных пунктах, на падворках.

Першая ў маршруце групы – вёска Залужжа. У вёсцы прыбраныя падворкі, абкошана, у палісадніках растуць кветкі. Кіраўнік групы Ірына Шалахава прадставіла членаў групы, расказала пра змяненні, якія адбываюцца ў раёне, пра сацыяльнае абслугоўванне сельскіх жыхароў, запрасіла да шчырай размовы.

Вяскоўцы, нягледзячы на сталы ўзрост, уразілі сваім аптымізмам, бадзёрым настроем. “Мы пакуль спраўляемся самі, падтрымліваем парадак, ды і дзеці прыязджаюць дапамагчы”, – казалі яны. Што тычыцца праблем, якія іх хвалююць, то вяскоўцы папрасілі зрабіць пляцоўку для развароту аўтамагазіна і мабільнага ФАПа – буйныя аўтамабілі з цяжкасцю выкручваюцца на вузкай вясковай вуліцы, асабліва зімой. Папрасіла дапамагчы з працаўладкаваннем адна з жыхарак, якая засталася без работы пасля закрыцця свінакомплексу. Паскардзіліся на графік руху і асартымент аўтамагазіна: вёска амаль апошняя на маршруце і некаторых тавараў ужо не застаецца. Завяршылася сустрэча ў Залужжы віншаваннямі сям’і Шніпавых з 65-годдзем шлюбу, а старшыня Лаўжанскага сельвыканкама Юлія Савасцьянава ўручыла шаноўнай пары падарунак.

Шматлюднымі былі сустрэчы ў вёсках Добрына і Пабеда. У Добрыне зноў жа скардзіліся на работу аўтамагазіна, якасць прадуктаў, якія там бываюць. Ірына Шалахава тлумачыла, што ў вёсцы хутка пачне працаваць стацыянарны магазін райспажыўтаварыства, прадавец ужо знойдзены. Вяскоўцаў цікавіла, што даўно не было бібліёбуса. Іх парадавалі навіной аб тым, што ўжо рыхтуецца да выезду новы спецыяльны аўтамабіль-бібліятэка. Пыталіся пра капітальны рамонт аднаго з дамоў. Прадстаўнік УП ЖКГ расказаў, што зараз вядзецца распрацоўка праекта і на наступны год рамонт будзе зроблены. Ставілі пытанне аб зносе аварыйных дрэў. Было дадзена тлумачэнне, што дрэвы, якія знаходзяцца на тэрыторыі прыватных участкаў, зносіць сам гаспадар ці гэтая паслуга платная. Добрынцы ўзнялі і такое пытанне, як арганізацыя аўтобуснага прыпынка на перакрыжаванні дарог Р-20 і Р-114. Таксама прасілі змяніць маршрут мясцовых аўтобусаў, каб была магчымасць даехаць да ўрачэбнай амбулаторыі, за якой замацаваная вёска, але прамых транспартных зносін паміж Добрыным і Мікіціхай наогул няма.

У вёсцы Пабеда скардзіліся на якасць вады, прасілі падрамантаваць дарогу. Юлія Савасцьянава запрасіла вяскоўцаў на свята вёскі, якое пройдзе 17 жніўня.

У аграгарадку Мікіціха сустрэча прайшла ў мясцовым цэнтры культуры.

Усе пытанні, што задавалі жыхары раёна, будуць абагульнены і накіраваны для вырашэння ў адпаведныя арганізацыі і службы. У канцы жніўня пройдзе нарада, на якой будуць падведзены вынікі дня работы з насельніцтвам.

Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *