«Работа і кватэра ёсць. Будзем набірацца вопыту»
Як жывеш, малады спецыяліст? Гэта на днях высвятлялі начальнік аддзела арганізацыйнакадравай і юрыдычнай работы райвыканкама Алеся Шавяка, начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Руслан Матвейчук і карэспандэнт раённай газеты. Мы сустрэліся з маладымі спецыялістамі, якія прыехалі працаваць у Мікіціхінскае лясніцтва, СУП «Лаўжанскае», КУСГП «Ульскі».
У СУП «Лаўжанскае» сустракаемся з маладым ветурачом Наталляй Дземідовіч. Родам яна з Мішкавіч, вучылася ад раёна па мэтавым накіраванні ў Віцебскай ветакадэміі і вярнулася на малую радзіму. У Мікіцісе ёй прадаставілі арэндную мэбляваную кватэру, так што жыллём дзяўчына вельмі задаволена. Ды і сельгаспрадпрыемства ёй знаёмае – была тут на практыцы. Так што настрой аптымістычны, гатова да сур’ёзнай работы.
Выпускнікі Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі Дзіяна і Міхаіл Пракопкіны (маладая сям’я) прыехалі ў невядомую ім мясцовасць, Але яна іх не напужала – сельгаспрадпрыемства, якоое ўзначальвае малады кіраўнік, спадабалася. Дзіяна працуе бухгалтарам, Міхаіл – загадчыкам майстэрні. Ёсць перспектыва дарасці да галоўнага інжынера. Маладая пара расказала, што ў кватэру са зручнасцямі, якую выдзелілі ад сельгасарганізацыі, набылі халадзільнік і канапу. А шафа і кухонная мэбля там былі.
Падбадзёрыўшы моладзь добрымі пажаданнямі, мы накіраваліся ў Мікіціхінскае лясніцтва. Тут сустрэліся з 18-гадовым лесаводам Ягорам Жураўлёвым. Родам з Магілёва з мнагадзетнай сям’і, вывучыўся ў каледжы на лесніка, егера і вадзіцеля аўтамабіля катэгорыі “С”. А на пытанне, як сябе адчувае ў Мікіцісе, чэсна прызнаўся: «Хачу дадому!”. Што ж, у васямнаццаць гадоў жаданне ўпаўне дапушчальнае. Але кватэру далі, паступова набудзе новых сяброў, сум як рукой здыме. Тым больш, што кіраўніцтва лясніцтва прыцягвае хлопца да грамадскай дзейнасці – нядаўна, напрыклад, ездзілі Падчас сустрэчы ў СУП «Лаўжанскае» ва Ушачы на спаборніцтвы па футболе. А паколькі Ягор яшчэ і барацьбой займаўся, прапанавалі яму наведваць ФАЦ у райцэнтры.
У КУСГП «Ульскі» мы сустрэліся з трыма маладымі спецыялістамі. Галоўны заатэхнік Ганна Варанкова працуе ў гаспадарцы чатыры месяцы пасля заканчэння аграрнага каледжа ў Лужасне. «Работа падабаецца, я хачу працаваць і стаць добрым спецыялістам, – шчыра кажа дзяўчына. – Будзем набірацца вопыту. Дрэнна тое, што ў гаспадарцы няма яшчэ заатэхніка, так мовіць вопытнага настаўніка, які б вучыў. Не перашкодзіў бы і ўласны камп’ютар, каб не прасіць яго ў бухгалтараў падчас справаздач». Кватэра, у якой жыве Ганна Варанкова, яе задавальняе – падрамантаваць старыя вокны папрасіла свайго сваяка.
А вось маладым бухгалтарам Дар’і Шымко і Ганне Сокалавай, напэўна, з рамонтам трэба дапамога. Яны расказалі, што просіцца рамонт падлогі ў кватэры. Ну, а сцены ў прыхожай і кухні яны самі паспрабуюць паклеіць. Дарэчы, Дар’я і Ганна з суседніх гарадоў – Наваполацка і Полацка, вучыліся ў адной групе ў Полацкім дзяржаўным эканамічным каледжы. Вырашылі на гэтым не спыняцца і павышаць кваліфікацыю: нядаўна абедзве паступілі за завочнае аддзяленне Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта. Разбіраюцца самастойна з нюансамі работы, ім раяць звяртацца за парадамі да вопытных бухгалтараў у суседнія сельгаспрадпрыемствы.
Адзначым, што ўсім маладым спецыялістам налічаны або ўжо выплача ны пад’ёмныя, якія складаюць у асноўным па два тарыфныя аклады. Жыллё ўсім спецыялістам выдзелена арэнднае з усімі дабротамі – трэба там зарэгістравацца, каб квартплата была меншай.
«Мы вельмі рады вас сустракаць на шумілінскай зямлі, – адзначылі Алеся Шавяка і Руслан Матвейчук. – Вашы сілы, малады імпэт і старанне вельмі патрэбныя ў Шумілінскім раёне. Ну, а вопыт прыйдзе паступова. Не бойцеся вучыцца, перапытваць і турбаваць сваіх старэйшых калег. Усяму навучыцеся, калі будзеце настойлівымі і дапытлівымі. Помніце, што ў малых населеных пунктах ёсць вялікія перспектывы для кар’ернага росту моладзі. Прыязджайце ў райцэнтр, дзе можна наведаць не толькі гандлёвыя кропкі, але і трэнажорную залу, басейн, стадыён».
Ларыса ЗАЙЦАВА.

.
