«Золотая» свадьба Людмилы и Леонида Новиковых. «В памяти остаются только счастливые и светлые моменты»

Людзі і лёсы Общество

У памяці – толькі шчаслівыя светлыя моманты

 Сапраўднае каханне можна параўнаць з золатам – яно ніколі не становіцца бляклым, а з гадамі яго каштоўнасць павялічваецца. Так лічаць родныя Людмілы Іванаўны і Леаніда Якаўлевіча Новікавых з в. Непароты, у сёлетнім сямейным летапісе якіх значыцца залатое вяселле.

Заўсёды захапляешся тымі людзьмі, якія многа гадоў з’яўляюцца адзін аднаму надзеяй, дапамогай і апорай, вернымі сваёй сям’і. Людміла і Леанід Новікавы лічаць гэта нормай жыцця, маўляў, ва ўсіх павінна быць менавіта так. Якія б праблемы не здараліся ў жыцці, як бы цяжка не было, а ўсё ж сям’я – гэта галоўнае.

Людміла і Леанід родам з вёскі Непароты. Так што не сустрэцца яны проста не маглі. Але вось каханне разгарэлася не адразу, не са школьнай парты, а ўжо ў паўналетнім узросце. Пасля тэрміновай ваеннай службы Леанід вярнуўся на малую радзіму і стаў працаваць брыгадзірам паляводчай брыгады ў мясцовым калгасе «Праўда». У яго падпарадкаванні была мясцовая ферма, ён адказваў за збор малака ад прыватнага статку. А даручыў яго збіраць Людміле. З конікам яна добра ўпраўлялася, мясцовасць таксама ведала выдатна. У Непаротах тады налічвалася амаль сем дзясяткаў кароў – некаторыя гаспадары і па дзве трымалі.

Малады брыгадзір, які хадзіў сажнем мераць палеткі са льном, пакошаныя соткі травы (мужчыны тады касілі ўручную), усё паглядваў на Людмілу. Усмешка яе была такая, што залюбавацца! Леанід запрашаў дзяўчыну ў мясцовы клуб на танцы і ў кіно, хадзілі ў клуб у Башні. Дарогі былі тады не вельмі роўныя, многа калдобін. А пасля дажджу дык і ўвогуле гразка. Дык Леанід пераносіў Людмілу праз лужыны. Дзяўчына і “растала” ад такога клопату пра яе. Праз год сустрэч сыгралі вяселле.

У нявесты была доўгая белая сукенка і вэлюм, у жаніха – строгі касцюм. Паўсотня гасцей святкавала вяселле два дні. Неўзабаве маладому брыгадзіру выдзелілі калгасны дом у Непаротах, дзе сям’я жыве вось ужо паўстагоддзя. Усё жыццё Людміла і Леанід Новікавы адпрацавалі ў сельскай гаспадарцы. Людміла – у паляводстве і жывёлагадоўлі. А Леанід кіраваў гусенічным трактарам ДТ40 з прычапнымі плугамі, а потым Т-25, на якім вазіў адгон з Шумілінскага сырзавода на ферму цялятам.

Пры гэтым сям’я трымала вялікую гаспадарку – карову, авечак, нутрый, трусоў, гусей, качак. Асновай жыцця была праца. Новікавы кажуць, што не было часу звяртаць увагу на розныя там глупствы, маўляў, паглядзеў не так ці сказаў. Гас падыня – клапатлівая, шчырая, добрая. Такі ж і яе муж, які і пажартаваць любіць, і расказаць пра сябе і сваіх дзяцей. А іх у Новікавых двое, ёсць чацвёра ўнукаў і адзін праўнук. Падчас нашага прыезду ў гасцях была дачка Святлана. «Мае бацькі самыя лепшыя. Яны працавітыя і клапатлівыя, – кажа Святлана. – Мы заўсёды жылі ў дастатку і адчувалі вялікую бацькоўскую любоў і падтрымку. Адчуваем яе і зараз, з задавальненнем прыязджаем у вёску, дапамагаем. Частуемся мёдам – бацькі трымаюць пчол».

Паўстагоддзя разам – тэрмін зайздросны. У памяці засталіся шчаслівыя светлыя моманты жыцця, за шырмай часу – цяжкасці і праблемы, якія пераадолелі разам. Жыццё неаднойчы правярала Новікавых на трываласць. І яны вытрымалі іспыты, бо былі заўсёды разам, падтрымлівалі адзін аднаго. Сёння Новікавы дзеляцца мудрай парадай з маладымі сем’ямі: трэба ўмець цаніць і паважаць сваю “другую палову”, клапаціцца пра яе – тады ўсё атрымаецца.

Ларыса ЗАЙЦАВА.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *